Мінск 13:49

На ліквідацыю наступстваў парушэння працы ЛЭП у Мінску пайшло больш за чатыры гадзіны

Архіўнае фота: Мінэнерга

26 сакавіка, Позірк. Электразабеспячэнне ўсіх спажыўцоў у Мінску пасля аварыі, якая здарылася 26 сакавіка ў 13:33, было цалкам адноўленае ў 17:43, паведаміла Міністэрства энергетыкі.

Паводле інфармацыі ведамства, парушалася праца лініі электраперадачы (ЛЭП) напругай 110 кВ “ЦЭЦ-4 Лынькоўская“, што прывяло да перабояў ў электразабеспячэнні ў некалькіх раёнах сталіцы. Прычынай часовага парушэння электразабеспячэння названы абрыў шлейфу.

Для ліквідацыі пашкоджання і выканання пераключэнняў прадпрыемства “Мінскэнерга” накіравала 9 аператыўна-выязных брыгад у складзе 27 супрацоўнікаў і 10 адзінак тэхнікі. Энергетыкі на працягу гадзіны “выканалі перападключэнне большай часткі спажыўцоў па рэзервовых сувязях”.

Паведамляецца, што на даручэнне міністра Аляксея Кушнарэнкі “будзе праведзены дэталёвы аналіз прычын парушэння электразабеспячэння“. Ведамства выбачылася перад спажыўцамі за дастаўленыя нязручнасці і падзякавалі за разуменне.

З-за аварыі ў Мінску перабоі з электрычнасцю назіраліся ў Фрунзенскім, Цэнтральным і Кастрычніцкім раёнах. УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама паведаміла пра магчымае адключэнне “светлафорных аб’ектаў” у Фрунзенскім і Цэнтральным раёнах. “Мінсктранс” паведаміў аб спыненні руху тралейбусаў № 9, 31, 33, 38, 44, 77 і электробусаў № 60 на частцы маршрутаў.

Гэта як мінімум дзявятая буйная падобная аварыя ў Беларусі за апошнія тры тыдні, вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу паведамленняў СМІ і дзяржструктур.

20 сакавіка паведамлялася пра аварыю на цэнтральнай магістральнай сетцы Дзяржынска (Мінская вобласць), для ліквідацыі якой у горадзе было адключанае ацяпленне і гарачая вада. Акрамя таго, у той жа дзень паведамлялася аб пашкоджанні цеплавой сеткі дыяметрам 800 мм, што парушыла цеплазабеспячэнне часткі спажыўцоў па вуліцах Панчанкі і Сухараўская. Аварыя была ліквідаваная праз 16 гадзін.

10 сакавіка “Мінскводаканал” паведаміў пра зніжэнне ціску ў вадаправоднай сетцы мікрараёнаў Уручча, Копішча, Новая Баравая, пасёлка Азярышча.

5 сакавіка прэс-служба Мінскага гарвыканкама паведамляла аб чарговым парушэнні працы камунальных сетак жыццезабеспячэння. Адзначалася, што з прычыны адключэння электраэнергіі ў мінскіх кабельных сетках з-за “зніжэння ціску на вадаправоднай сеткі“ перабоі з водазабеспячэннем мелі жыхары вуліц Мірашнічэнкі, Сядых, Лагойскі тракт, Гамарніка, Каліноўскага, Цікоцкага, Карбышава.

4 сакавіка частка Жодзіна (Мінская вобласць) засталася без электразабеспячэння з-за пашкоджання кабельнай лініі 10 кВ на Беларускім аўтамабільным заводзе.

У Мазыры (Гомельская вобласць) 27-28 лютага з-за падзення дрона (неафіцыйная інфармацыя) была пашкоджаная адна з высакавольтных ліній мясцовай ЦЭЦ, што прывяло да адключэння цеплазабеспячэння.

25 лютага з-за абрыву провада на паветранай лініі электраперадачы 110 кВ парушалася энергазабеспячэнне ў Першамайскім і Савецкім раёнах Мінска.

24 лютага “ў выніку тэхналагічнага парушэння ў працы абсталявання“ на падстанцыі “ Кобрын-Заходняя“ (110 кВ) (Брэсцкая вобласць) “часова адсутнічала электразабеспячэнне часткі спажыўцоў раённага цэнтра”.

Ноччу 19 лютага ў Асіповічах (Магілёўская вобласць) адбылася аварыя, у выніку якой без водазабеспячэння засталося 16 тыс. спажыўцоў і 78 аб’ектаў эканомікі горада.

Падзяліцца: