Мінск 15:35

НАУ працягне збіраць для МКС доказы злачынстваў рэжыму Лукашэнкі — Латушка

Архіўнае фота: прэс-служба НАУ

27 сакавіка, Позірк. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ) працягне збіраць доказы, якія “будуць садзейнічаць пераходу да расследавання па сутнасці беларускай сітуацыі” офісам пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС), заявіў кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Паводле слоў палітыка, каманда НАУ будзе рабіць усё, што ад яе залежыць, каб “адказнасць за злачынствы супраць беларускага народа наступіла”.

З кастрычніка 2024 года па люты 2025-га палітычная структура збірала, сістэматызавала і перадавала групе праваабарончых арганізацый доказы злачынстваў супраць чалавечнасці, здзейсненых прадстаўнікамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, для падрыхтоўкі звароту ў офіс пракурора МКС.

Паводле даных НАУ, гэтыя доказы “ўключаюць сотні задакументаваных публічных заяў прадстаўнікоў рэжыму, інфармацыю пра колькасць уцекачоў, у тым ліку на падставе даных Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы, і іншыя неабходныя матэрыялы”.

“Нагадаем, што працэдура папярэдняга разгляду ў МКС была распачатая на падставе перадачы беларускай сітуацыі ўрадам Літвы 30 верасня 2024 года, — адзначае палітычная структура. — У рамках гэтай сітуацыі разглядаюцца злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку па-за межамі Беларусі, і на тэрыторыі краін — удзельніц Рымскага Статута. У прыватнасці, дэпартацыя і пераслед як злачынства супраць чалавечнасці”.

НАУ падкрэслівае, што “ахвярамі дэпартацыі патэнцыйна з’яўляюцца ўсе грамадзянскія асобы, якіх прымусілі пакінуць Беларусь у выніку стварэння атмасферы страху, тэрору і пераследу, і якія не мелі сапраўднага выбару, каб застацца ў Беларусі”.

“Ахвярамі трансгранічнага пераследу з’яўляюцца асобы, якія жорстка пазбаўленыя сваіх асноўных правоў, такіх як права на справядлівы суд, права на годнасць, права на бяспеку, права на ўласнасць, права на доступ да дзяржаўных паслуг, права на свабоду сходаў і асацыяцый, права на грамадзянства. Патэнцыйна ахвярамі гэтага злачынства могуць быць усе асобы, у дачыненні да якіх была прымененая так званая працэдура “спецыяльнай вытворчасці”, а таксама тыя, хто фактычна пазбаўлены магчымасці афармлення натарыяльных дакументаў і абмену пашпарта грамадзяніна Беларусі”, — заяўляе арганізацыя.

Раней “Позірк” паведаміў, што 20 сакавіка шэсць беларускіх і міжнародных арганізацый грамадзянскай супольнасці — Цэнтр глабальнай справядлівасці і правоў чалавека M.A.R.A., Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH), праваабарончы цэнтр “Вясна”, Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі, Беларускі Хельсінкскі камітэт і Human Constanta — перадалі ў офіс пракурора МКС доказы магчымых злачынстваў супраць чалавечнасці, здзейсненых прадстаўнікамі беларускіх уладаў.

30 верасня 2024 года ўрад Літвы перадаў у офіс пракурора МКС матэрыялы пра “трансгранічныя злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі ў дачыненні да беларусаў”. Вільнюс аргументаваў сваё рашэнне тым, што больш не можа бяздзейнічаць.

У звароце ў МКС літоўскі ўрад адзначыў: “Маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што з 1 траўня 2020 года і дагэтуль супраць грамадзянскага насельніцтва Беларусі на загад высокапастаўленых беларускіх палітычных, праваахоўных і вайсковых чыноўнікаў здзяйсняюцца злачынствы супраць чалавечнасці”. Пад імі маюцца на ўвазе дэпартацыя, пераследы і “іншыя бесчалавечныя акты”.

Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, падтрымаць намаганні Літвы па прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці ў МКС шляхам далучэння да звароту.

Падзяліцца: