Мінск 19:08

Праваабаронцы перадалі ў МКС доказы здзейсненых у Беларусі злачынстваў супраць чалавечнасці

Каля будынка Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе
Фота: "Позірк"

27 сакавіка, Позірк. Доказы магчымых злачынстваў супраць чалавечнасці, здзейсненых прадстаўнікамі беларускіх уладаў, прадставілі 20 сакавіка ў офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) шэсць беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый, паведамляе цэнтр “Вясна”.

Дакументы падрыхтавалі Цэнтр глабальнай справядлівасці і правоў чалавека М.А.R.А., Міжнародная федэрацыя правоў чалавека (FIDH), Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі, Беларускі Хельсінкскі камітэт, “Вясна” і Human Constanta.

У сумеснай заяве, распаўсюджанай 27 сакавіка, праваабаронцы адзначылі, што ў адпаведнасці з артыкулам 15 Рымскага статута МУС накіравалі інфармацыю, у якой “утрымліваюцца доказы патэнцыйных злачынстваў супраць чалавечнасці, здзейсненых прадстаўнікамі беларускіх уладаў з траўня 2020 года, з улікам распачатага офісам пракурора МКС папярэдняга разгляду беларускай сітуацыі пасля яе перадачы ўрадам Літвы 30 верасня 2024 года”. Інфармацыя “ўключае ў сябе доказы дэпартацыі і пераследаў, здзейсненых у дачыненні да часткі грамадзянскага насельніцтва Беларусі, уключаючы грамадзян краіны, што пражываюць за мяжой”.

У прыватнасці, адзначаюць праваабаронцы, “накіраваная інфармацыя дэманструе, што прадстаўнікі беларускіх уладаў стварылі атмасферу страху, тэрору і пераследу, каб “зачысціць” насельніцтва ад “нелаяльных” асоб, прымусіўшы да 6,4% беларускага насельніцтва па стане на 2020 год пакінуць краіну”. Акрамя таго, яны “працягваюць пераследаваць беларусаў, вымушаных знаходзіцца ў выгнанні, і тых, хто пражывае за мяжой, з дапамогай сістэматычных судовых пераследаў, уключаючы завочныя судовыя працэсы, а таксама запалохванні і пагроз у адрас тых, хто знаходзіцца ў выгнанні, і іх сваякоў, што засталіся ў Беларусі, мовы нянавісці, што публічна распаўсюджваецца, неабгрунтаваных вобшукаў і канфіскацыі маёмасці”. У інфармацыі таксама гаворыцца пра “татальнае пазбаўленне беларусаў у выгнанні доступу да дзяржаўных працэдур, уключаючы магчымасць атрымання дакументаў, якія ідэнтыфікуюць асобу, што дэ-факта прыводзіць да безграмадзянства”.

Прадстаўленая праваабаронцамі ў офіс пракурора МУС інфармацыя заснаваная на “інтэрв’ю са сведкамі і ахвярамі меркаваных злачынстваў, дапоўненымі шырокім аналізам агульнадаступных крыніц, уключаючы публічныя заявы беларускіх высокапастаўленых чыноўнікаў, якія даказваюць, што меркаваныя злачынствы былі здзейсненыя ў рамках шырокамаштабнай і сістэматычнай атакі, скіраванай супраць той часткі грамадзянскага насельніцтва Беларусі, якую ўлады лічаць “нелаяльнай”. Яны таксама сведчаць пра тое, што беларускія ўлады праводзяць дзяржаўную палітыку па запалохванні і пакаранні тых, каго лічаць “нелаяльнымі”, у рамках кампаніі, якую “афіцыйныя асобы неаднаразова называлі “зачысткай грамадства”.

Адзначаецца, што, хоць Беларусь не з’яўляецца ўдзельнікам Рымскага статута МУС, у накіраванай праваабаронцамі інфармацыі прадстаўлены прававы аналіз, які дэманструе, што згаданы суд можа ажыццяўляць сваю юрысдыкцыю, “бо прынамсі адзін з элементаў гэтых меркаваных злачынстваў быў здзейснены на тэрыторыі краін, якія з’яўляюцца дзяржавамі — удзельніцамі Рымскага статута”.

Праваабаронцы звярнулі ўвагу, што Міжнародная платформа па прыцягненні да адказнасці для Беларусі (IAPB) і арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” (RSF) раней накіравалі ў офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда свае паведамленні адносна сітуацыі ў Беларусі ў адпаведнасці з артыкулам 15.

30 верасня 2024 года ўрад Літвы перадаў у офіс пракурора МКС матэрыялы пра “трансгранічныя злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі ў дачыненні да беларусаў”. Вільнюс аргументаваў сваё рашэнне тым, што больш не можа бяздзейнічаць.

У звароце ў МКС літоўскі ўрад адзначыў: “Маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што з 1 траўня 2020 года і дагэтуль супраць грамадзянскага насельніцтва Беларусі на загад высокапастаўленых беларускіх палітычных, праваахоўных і вайсковых чыноўнікаў здзяйсняюцца злачынствы супраць чалавечнасці”. Пад імі маюцца на ўвазе дэпартацыя, пераследы і “іншыя бесчалавечныя акты”.

Пра накіраванне ў офіс пракурора МКС матэрыялаў Міжнароднай платформы па прыцягненні да адказнасці для Беларусі стала вядома 8 лютага, арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” распаўсюдзіла адпаведную заяву 24 студзеня.

Падзяліцца: