Прызначаны амбасадарам у Ватыкане Амбразевіч чакае, што з дапамогай каталіцтва Беларусь “умацуе пазіцыі” ў Еўропе і Амерыцы

27 сакавіка, Позірк. Ствараючы дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Ватыкане, Беларусь “зыходзіць з таго, што гэта дазволіць умацаваць яе пазіцыі” ў многіх краінах, заявіў Юрый Амбразевіч, прызначаны 27 сакавіка амбасадарам пры Святым Пасадзе.
Паводле яго слоў, якія перадаюць дзяржСМІ, гаворка аб дзяржавах Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, а таксама “ў дачыненні да працы з грамадскімі элітамі, дзяржаўнымі элітамі еўрапейскіх дзяржаў і дзяржаў Паўночнай Амерыкі ў той частцы, дзе каталіцкая рэлігія мае магчымасць уплываць на іх падыходы”.
“Ватыкан і асабіста папа рымскі валодаюць у свеце велізарным аўтарытэтам і значным уплывам на грамадства і эліты цэлага шэрагу дзяржаў, дзе каталіцкая рэлігія мае традыцыйна сур’ёзны ўплыў на менталітэт, на светапогляд людзей, на чалавечыя каштоўнасці”, — сказаў Амбразевіч. Таму, адзначыў дыпламат, яго прызначэнне будзе спрыяць “набыццю сяброў і праз іх магчымасці — адстойванню нацыянальных інтарэсаў, у тым ліку ў сферы знешняга гандлю і прыцягнення знешніх інвестыцый”.
“Мы зыходзім з таго, што ў свеце сотні мільёнаў людзей атаясамліваюць сябе каталікамі, з каталіцкай рэлігіяй. Яшчэ большая колькасць людзей прыслухоўваюцца да таго, што адбываецца ў Ватыкане, да таго, што кажа папа рымскі. І гэтыя людзі арыентуюцца на традыцыйна зразумелыя нам каштоўнасці — сем’і і многіх іншых важных рэчаў, якія прынятыя ў агульнахрысціянскай культуры”, — адзначыў пасол.
27 сакавіка Аляксандр Лукашэнка прызначыў Амбразевіча, які раней займаў пасаду намесніка міністра замежных спраў, амбасадарам пры Святым Пасадзе.
25 сакавіка на падставе рашэння папы рымскага Францішка новым апостальскім нунцыем у Беларусі стаў 49-гадовы Ігнацыа Чэфаліа.
13 сакавіка Лукашэнка, віншуючы Францішка з 12-й гадавінай пантыфікату, заявіў, што супраца Мінска і Ватыкана паспяхова развіваецца. Ён выказаў меркаванне, што з адкрыццём у 2025 годзе амбасады Беларусі пры Святым Пасадзе гэтыя стасункі дасягнуць “якасна новага ўзроўню”.
У снежні 2024 года Савет міністраў пастанавіў адкрыць амбасаду Беларусі пры Святым Пасадзе да 1 верасня 2025-га.
Дыпламатычныя стасункі паміж беларускай дзяржавай і суверэнным каталіцкім суб’ектам усталяваныя 11 лістапада 1992 года. З таго ж года ў Беларусі дзейнічае дыпламатычнае прадстаўніцтва Святога Пасада — апостальская нунцыятура.
Інтарэсы Мінска ў Ватыкане дагэтуль гэтага часу прадстаўлялі па сумяшчальніцтве дыпламаты, акрэдытаваныя ў іншых еўрапейскіх краінах або міждзяржаўных структурах. Доўгі час амбасадарам пры Святым Пасадзе быў Сяргей Алейнік, які сумяшчаў гэтую функцыю ў тым ліку з пазіцыяй намесніка міністра замежных спраў (захоўваў статус амбасадара сама меней да прызначэння кіраўніком МЗС у снежні 2022 года; цяпер з’яўляецца членам Савета Рэспублікі).
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года стасункі дзяржавы і касцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўслед за масавымі пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на карысць Лукашэнкі.
Ад пачатку восені 2020 года да 25 сакавіка 2025-га, паводле даных ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з рэпрэсіямі ў той ці іншай форме сутыкнулася 32 прадстаўнікі Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, 5 — Беларускай грэка-каталіцкай царквы.
Разам з тым, рэжым Лукашэнкі ўсяляк спрабуе прадэманстраваць нармалізацыю стасункаў як з касцёлам у Беларусі, так і з сусветным каталіцызмам у цэлым. Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі пра блізкасць пазіцый Мінска і Ватыкана. Шэраг экспертаў мяркуе, што рэжым выкарыстоўвае кантакты са Святым Пасадам для наладжвання дыялогу з Захадам у цэлым.
Пытанні “двухбаковай супрацы, якія прадстаўляюць узаемны інтарэс” сёлета 26 лютага абмеркавалі ў Жэневе (Швейцарыя) кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў і сакратар па стасунках Святога Пасада з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.
На сустрэчы з беларускімі рэлігійнымі лідарамі 10 лютага Лукашэнка заявіў пра павагу да папы Францішка, папрасіў перадаць пантыфіку “самыя добрыя зычэнні” і выказаў надзею на сустрэчу з ім.
Лукашэнка двойчы наведваў Ватыкан. У красавіку 2009 года ён сустракаўся з папам рымскім Бенедыктам XVI, у траўні 2016-га — з Францішкам.
17 снежня 2024 года Лукашэнка, віншуючы Францішка з 88-годдзем, чарговы раз запрасіў яго наведаць Беларусь. Фактычна кіраўнік Святога Пасада не можа прыехаць праз негалоснае правіла: папа не наведвае краіны, дзе дамінуе іншая канфесія ці рэлігія, без згоды адпаведнага рэлігійнага лідара. У выпадку Беларусі, якая лічыцца краінай з праваслаўнай большасцю, гаворка пра патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла (Гундзяева). Прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы згоду на візіт не даваў.
Сёння ў свеце налічваецца больш за 1,4 млрд паслядоўнікаў каталіцкай рэлігіі, больш за 40% з іх пражываюць у краінах Паўднёвай (27,4%) і Цэнтральнай (13,8%) Амерыкі. На краіны Еўропы прыпадае 20,4% прадстаўнікоў сусветнай каталіцкай супольнасці, Афрыкі — 20%, Азіі — 11%, Паўночнай Амерыкі — 6,6%, Акіяніі — 0,8%.
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка