Мінск 12:57

Лукашэнка адправіў на дапрацоўку праект указа аб праверках юрасоб, адрынуўшы свае ранейшыя прапановы па лібералізацыі кантролю

28 сакавіка, Позірк. Праект указа аб павышэнні эфектыўнасці кантрольна-нагляднай дзейнасці быў накіраваны на дапрацоўку 28 сакавіка па выніках нарады ў Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе яго прэс-служба.

Асноўным дакладчыкам па дакуменце на нарадзе быў міністр па падатках і зборах Дзмітрый Кійко — “як кіраўнік галоўнага кантралюючага органа ва ўрадзе, які і рыхтаваў праект указа”. Адзначаецца, што Лукашэнка, заслухаўшы асноўныя палажэнні дакумента, “звярнуў увагу на прапанову аб увядзенні забароны на правядзенне выбарачных праверак добрасумленных суб’ектаў часцей аднаго разу ў 5 гадоў”.

“Адразу пытанне: чаму ў 5 гадоў, а не ў 2 або 3 гады, не ў 10 гадоў? Што такое “добрасумленныя”?” — сказаў Лукашэнка.

“Дзякуючы сябрам, знаёмым усе практычна хутка стануць “добрасумленнымі”. Правяраць няма каго будзе. А яны падаткі не плацілі і не будуць плаціць, — дадаў ён. — І, самае галоўнае, а чаму мы вышэйшай службовай асобе (гаворка ішла пра прысутнага на нарадзе старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіля Герасімава. — “Позірк”.), які ўзначальвае найвышэйшы орган, забараняем самастойна вызначаць, дзе правяраць, дзе не правяраць?”

Кійко ўдакладніў, што “добрасумленныя суб’екты”, згодна з праектам указа, “павінны будуць адпавядаць пэўным патрабаванням па працы арганізацый”, у тым ліку і ў частцы выплаты падаткаў. “Але калі ў кантралюючага органа будзе інфармацыя пра тое, што гэты суб’ект, нягледзячы на свой статус, здзяйсняе правапарушэнні (а для гэтага дастаткова інструментарыя), у дачыненні да яго можа быць прызначана пазапланавая праверка”, — сказаў міністр.

Лукашэнка гэтыя аргументы не прыняў. “З аднаго боку, праверкі забараняюцца, але ёсць “але”, — сказаў ён. — Навошта пішам тое, што не будзе працаваць фактычна? Мы забаранілі, а гэтае “але” будзе выкрэсліваць тое, што вы забаранілі”.

17 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі прадпрымальніцкай сферы Лукашэнка прапанаваў скласці спіс “прыстойных, добрасумленных бізнесменаў”, якія б радзей правяраліся з боку кантралюючых органаў.

“Давайце зробім і апублікуем <…> [спіс]. З’явіліся яшчэ два чалавекі — дадамо. Але дадзім каманду Камітэту дзяржкантролю і іншым, каб яны прыходзілі да вас, цікавіліся, і падаткавікі нават, адзін раз у тры гады”, — заявіў Лукашэнка.

“Але там павінна быць усё жалезабетонна, — дадаў ён. — Таму што сёння не парушалі, заўтра — парушылі. Мы гатовыя з вашай падачы: вось спіс, я яго падпішу і перадам кантралюючым і іншым органам. Ніхто да вас не прыйдзе. Яшчэ дадаліся прыстойныя людзі, якія не парушаюць, да якіх прычапіцца няма да чаго, — мы іх туды дадамо”.

Гаворачы тады аб празмерных праверках бізнесу з боку кантралюючых органаў, Лукашэнка заклікаў паведамляць пра іх: “Ні адзін інспектар, як раней, кубак кавы да прадпрымальніка зайсці не можа выпіць. Ён павінен атрымаць накіраванне свайго кіраўніка пісьмова. І калі да вас хто-небудзь прыйшоў, і вы нешта западозрылі, вы праінфармуйце нас”.

“Мы праверым, хто яго туды накіраваў, — адзначыў ён. — Ніводнай такой інфармацыі не было. То бок сістэма створана. Знайдзіце магчымасць праінфармаваць. Мы вас возьмем пад кантроль, каб да вас потым “дружкі“ яго не прыйшлі — дзяржслужачага або кантралёра. Я вам гарантыю, асабіста гэта зраблю. Я асабіста буду вывучаць гэтыя праблемы. Чыркніце ў інтэрнэце — памочнікі ўсё гэта манітораць і мне на стол кожную раніцу. Я рэагую. <…> Паверце, у мяне дастаткова ўлады, каб паставіць любога на месца”.

Падзяліцца: