Мінск 02:50

Латушка: Мабільны тэлефон Мельнікавай з 19 сакавіка знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі

31 сакавіка, Позірк. “На гэты момант мы можам паведаміць, што мабільны тэлефон [спікера Кардынацыйнай рады] Анжалікі Мельнікавай з 19 сакавіка знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі”, — напісаў 31 сакавіка ў сваім тэлеграм-канале лідар фракцыі КР “Каманда Латушка і рух “За Свабоду”, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка.

Гэтая інфармацыя высветленая “тэхнічным спосабам” спецыялістамі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, адзначыў палітык, які таксама ўзначальвае гэту структуру.

Пра тое, што Мельнікава не на тэрыторыі Польшчы і не выходзіць на сувязь з 25 сакавіка, “Позірку” паведаміла 28 сакавіка прэс-служба Латушкі.

“Мы спадзяемся на лепшае, але разумеем, што першыя асобы дэмакратычных сіл Беларусі з’яўляюцца прыярытэтнымі мэтамі спецслужбаў рэжымаў у Беларусі і Расіі. Мной афіцыйна пададзеная заява ў праваахоўныя органы Польшчы аб знікненні спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай. Па просьбе праваахоўных органаў дадзеная інфармацыя не разгалошвалася. Мы будзем інфармаваць аб развіцці сітуацыі па ўзгадненні з праваахоўнымі органамі Польшчы”, — сказаў Латушка.

Паўнамоцтвы кіраўніка КР часова перайшлі да віцэ-спікера Станіславы Гліннік — “у сувязі з немагчымасцю” Мельнікавай “выконваць свае абавязкі”.

Раніцай 29 сакавіка прэс-сакратар міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Яцэк Дабжыньскі паведаміў, што польскія службы “атрымалі інфармацыю пра тое, што прадстаўнікі Каардынацыйнай рады Беларусі ўжо некалькі дзён не могуць звязацца са старшынёй рады Анжалікай Мельнікавай”.

“Згодна з данымі польскіх і партнёрскіх службаў, гэтая асоба знаходзілася па-за межамі Польшчы на ​​працягу многіх тыдняў. Польскія службы будуць падтрымліваць дзеянні службаў іншых краін і Каардынацыйнай рады Беларусі для высвятлення месцазнаходжання спадарыні Мельнікавай”, — напісаў ён на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

30 сакавіка стала вядома, што ў КР створана працоўная група па высвятленні абставін, звязаных са знікненнем спікера.

Старшыня Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) Тэадорас Русопулас і генеральны дакладчык ПАСЕ па пытанні аб дэмакратычнай Беларусі Рышард Петру выказалі занепакоенасць у сувязі са знікненнем Мельнікавай і заклікалі дапамагчы ў яе пошуках.

Мельнікава была абраная спікерам Каардынацыйнай рады трэцяга склікання 11 ліпеня 2024 года ад блока “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”, які значна апярэдзіў астатнія каманды паводле колькасці атрыманых галасоў і ў выніку заняў 28 з 80 месцаў у КР.

Падзяліцца: