Мінск 16:11

Кіраўнік Мінпрыроды: Магчыма, прасцей купляць рэдказямельныя элементы за мяжой — гэта і танней, і больш эфектыўна

Фота: sb.by

6 красавіка, Позірк. “Па-за ўсялякімі сумневамі” ў некаторых рэгіёнах Беларусі “мае месца быць наяўнасць рэдказямельных металаў і ўтрыманне ў іх пэўных рэдказямельных элементаў”, заявіў у эфіры тэлеканала АНТ міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк.

“Мы дастаткова сур’ёзна ўключыліся ў гэтую працу [па пошуку рэдказямельных элементаў]. Але для прыняцця рашэння трэба валодаць пэўнай інфармацыяй. У першую чаргу, наколькі гэта сёння неабходна для нашай эканомікі і для нашых прадпрыемстваў і арганізацый. Магчыма, прасцей сёння гэта купіць за мяжой — гэта і танней, і больш эфектыўна”, — сказаў кіраўнік ведамства.

“Літаральна некалькі дзён таму”, паводле слоў чыноўніка, прадстаўнікі Мінпрыроды правялі сустрэчу з “расійскімі калегамі, якія падзяліліся пэўным досведам у гэтай сферы”.

“Яны сёння гатовыя падставіць сваё плячо і аказваць нам садзейнічанне па пэўных напрамках, якія нам у будучыні дапамогуць прыняць рашэнне, як я казаў, аб неабходнасці таго, каб далей працягваць займацца гэтай працай”, — адзначыў Масляк.

На тэрыторыі Беларусі “маюцца перспектывы выяўлення радовішча з утрыманнем рэдказямельных металаў і элементаў”, заявіў намеснік кіраўніка Мінпрыроды Віктар Галанаў 25 сакавіка ў Маскве на галіновай канферэнцыі “Рэдкія і рэдказямельныя металы”.

“[Работы] знаходзяцца на пачатковай стадыі вывучанасці і патрабуюць правядзення далейшых даследаванняў з улікам стану рынку і магчымасцяў айчынных прамысловых прадпрыемстваў”, — сказаў ён.

На дадзены момант, як паведамляла ведамства, прадпрыемствы “толькі пачынаюць актыўна вывучаць магчымасці здабычы рэдказямельных металаў і выпуску высокатэхналагічнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю”.

24 сакавіка Масляк таксама абмеркаваў у Маскве з намеснікам міністра прыродных рэсурсаў і экалогіі Расіі Дзмітрыем Цяценькіным “мінеральна-сыравінны патэнцыял рэдказямельных металаў Беларусі і Расіі, тэхналогіі і абсталяванне для здабычы і перапрацоўкі рэдказямельных металаў, патэнцыял здабывання рэдказямельных металаў з адходаў нетракарыстання і прамысловасці, напрамкі супрацоўніцтва ў галіне разведкі, здабычы і перапрацоўкі рэдказямельных металаў”.

Паводле слоў Галанава, Мінск “высока ацэньвае” двухбаковае супрацоўніцтва. Важным напрамкам гэтага ўзаемадзеяння ён назваў “геалагічнае вывучэнне нетраў і іх ацэнку”.

9 сакавіка ў эфіры дзяржТБ намеснік генеральнага дырэктара Навукова-вытворчага цэнтра (НВЦ) па геалогіі Васіль Колб заявіў, што ў Беларусі ёсць шэраг рэдказямельных металаў і элементаў і каб пачаць іх здабычу, неабходна правесці комплекс геолагаразведачных работ для вызначэння глыбіні залягання запасаў.

Паводле яго слоў, навукоўцам трэба будзе таксама вызначыцца з тэхналогіяй здабывання гэтых элементаў.

“У Беларусі няма такога досведу. Адназначна нам давядзецца вывучаць сусветныя тэхналогіі, звяртацца да профільных інстытутаў Расійскай Федэрацыі, а потым ужо будзем глядзець, эканамічна наогул рэнтабельна, ці мэтазгодна далей праводзіць дэталёва працы і потым ужо казаць пра пытанні здабывання, здабычы“, — адзначыў Колб.

Рэдказямельныя металы і элементы, у прыватнасці малібдэн і тулій, на тэрыторыі Беларусі былі выяўленыя ў савецкі час.

“Гэтыя элементы і металы залягаюць, паводле нашых мерак, на досыць вялікай глыбіні, 200-250 метраў. Але казаць аб прамысловых маштабах мы пакуль не можам”, — паведаміў прадстаўнік НПЦ.

Разважаючы на тэму здзелкі па рэдказямельных металах паміж Украінай і ЗША, Колб заявіў, што “тэрыторыя Украіны багатая на шматлікія карысныя выкапні, якія ёсць і ў нас”.

“Але ўмовы геалагічныя ва Украіны прасцей, чым у нас. Паўднёвая частка нашай тэрыторыі — так званы Прыпяцкі прагін, беларускае Палессе — гэта пагружаная частка. Украінская частка прыпаднятая. І многія карысныя выкапні Украіны знаходзяцца вышэй за нашыя. Адпаведна эканоміка здабычы там з плюсам, у нас дзесьці малаэфектыўная альбо пакуль немэтазгодная”, — заявіў прадстаўнік цэнтра.

Шукаць рэдказямельныя матэрыялы Лукашэнка даручыў Мінпрыроды на нарадзе па кадравых пытаннях 4 сакавіка.

“Мазгавы штурм” з мэтай “выпрацоўкі канкрэтных прапаноў” па пошуку ў Беларусі рэдказямельных элементаў праведзены ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, паведаміў 5 сакавіка Масляк.

28 лютага Кіеў і Вашынгтон мелі намер падпісаць амерыкана-ўкраінскае пагадненне аб карысных выкапняў як частку прапанаванай новай амерыканскай адміністрацыяй здзелкі, закліканай завяршыць вайну Расіі з Украінай. Падпісанне дакумента сарвалася. Бакі разышліся ў поглядах на вайну (перамовы па рашэнні Трампа былі адкрытымі, у прысутнасці СМІ). Акрамя таго, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра неабходнасць наяўнасці дастатковых гарантый бяспекі, якімі ў Вашынгтоне ўважаюць ужо саму прысутнасць амерыканскага бізнэсу ва Украіне.

У канцы лютага гатоўнасць супрацоўнічаць з ЗША ў сферы здабычы рэдказямельных металаў выказаў Крэмль.

Падзяліцца: