Мінск 19:23

Польшча ўвяла ў эксплуатацыю электронны бар’ер на мяжы ў Падляскім ваяводстве

6 красавіка, Позірк. Пра пачатак эксплуатацыі электроннага бар’ера ў Падляскім ваяводстве на мяжы з Беларуссю паведамляе ў сацсетцы X Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы.

“Увесь участак польска-беларускай мяжы ў Падляскім ваяводстве ўжо знаходзіцца пад сучасным маніторынгам”, — адзначае ведамства.

Аб завяршэнні работ на аб’екце паведамлялася 5 лютага.

Адзначалася, што больш за 500 слупоў і 1,3 тыс. камер устаноўлена на рэках Істачанка і Свіслач.

Паводле слоў прэс-сакратара Памежнай аховы Польшчы Анджэя Юзвяка, падрадчык паведаміў пра гатоўнасць да здачы аб’екта: пабудаваныя ўсе падсістэмы, сілавыя злучэнні і валаконна-аптычныя лініі перадач. Такім чынам, завершана ўстанаўленне электроннай плаціны на гэтым участку мяжы.

Будаўніцтва гэтага віду загароды было ўзгоднена ўладамі краіны ў лютым 2024 года і звязана са спробамі перасячэння мяжы з боку Беларусі нелегальнымі мігрантамі.

Як адзначалася, у праект было ўкладзена 85 млн злотых (каля 19,55 млн еўра). Даўжыня бар’ера складае каля 47 км.

З 1 жніўня 2024-га польская армія праводзіць аперацыю “Бяспечнае Падляшша“, у рамках якой для садзейнічання памежнікам, якія ажыццяўляюць ахову мяжы з Беларуссю, накіравана некалькі тысяч вайскоўцаў.

13 чэрвеня мінулага года на польска-беларускай мяжы пачала дзейнічаць буферная зона (11 верасня тэрмін яе дзеяння быў падоўжаны на чарговыя 90 дзён, 10 снежня — яшчэ на 90). Польскія ўлады спачатку рапартавалі, што са з’яўленнем буфера патокі нелегалаў значна скараціліся, аднак 26 верасня віцэ-прэм’ер — міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў пра ўзмацненне ціску на мяжы.

З пачатку года, паводле падлікаў Позірку”, Польшча спыніла не менш за 4,1 тыс. спробаў незаконнага перасячэння мяжы з беларускай тэрыторыі. Дэталёвы аналіз ускладнены ў сувязі з тым, што Памежная ахова ў апошнія месяцы публікуе прыблізныя лічбы, якія разыходзяцца са звесткамі іншых краін Еўрасаюза, якія суседнічаюць з Беларуссю.

Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы прадухіліла 221 такую спробу, Дзяржаўная памежная ахова Латвіі — 476.

За 2024 год Літва, Латвія і Польшча прадухілілі 36,3 тыс. спробаў незаконнага пранікнення мігрантаў з беларускай тэрыторыі.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што іх туды “паклікалі”.

Польшча будзе кантраляваць мяжу з Беларуссю з дапамогай штучнага інтэлекту

30 сакавіка, Позірк. Улады Польшчы рэалізавалі чарговы комплекс мер па ўмацаванні мяжы з Беларуссю, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі гэтай краіны. Узмацненне кантролю ажыццёўлена за кошт мадэрнізацыі пабудаванай уздоўж мяжы загароды, адзначае ведамства. Паведамляецца, што канструкцыю абсталявалі "камерамі для …
Падзяліцца: