Мінск 16:08

Моцны вецер паваліў 185 дрэў — пашкоджаныя дах дома, аўтамабіль, парушаны графік руху цягнікоў

7 красавіка, Позірк. Паводле аператыўных даных Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (з 6:00 6 красавіка да 6:00 7 красавіка), зафіксавана 185 выпадкаў падзення дрэў праз моцны вецер парывамі да 15–19 метраў на секунду.

У Магілёўскай вобласці — 166, Мінску — 9, Брэсцкай і Гродзенскай — па 4, Віцебскай — 2.

Адзначаецца, што паваленыя дрэвы пашкодзілі дах жылога дома ў вёсцы Малыя Свіраны (Астравецкі раён Гродзенскай вобласці) і аўтамабіль у сталіцы.

Найбольш складаная сітуацыя склалася ў Магілёўскай вобласці, дзе работнікі МНС не толькі выязджалі на распілоўку і ўборку дрэў, але і дапамагалі вымаць са снежных заносаў тры аўтамабілі.

Беларуская чыгунка паведаміла, што праз “узмацненне парывістага ветру і моцнага снегападу” 7 красавіка дрэвы ўпалі на шляхі на ўчастку Асіповічы — Магілёў. Адхіленне ад графіка руху некаторых цягнікоў складае ад 15 хвілін да адной гадзіны.

Паводле інфармацыі Белгідрамета, у найбліжэйшыя дні такое надвор’е захаваецца. 7 красавіка пераважна па ўсходзе краіны пройдзе снег, мокры снег; месцамі чакаецца мяцеліца; на асобных дарогах галалёдзіца. Вецер паўночны парывісты, удзень на большай частцы краіны — моцны парывісты.

8 красавіка “адаб’ецца ўплыў франтальных раздзелаў, якія перамяшчаюцца з поўначы Скандынавіі”. Уначы месцамі, а ўдзень на большай частцы Беларусі выпадуць ападкі (снег, мокры снег, у заходняй частцы — з дажджом). “Месцамі на дарогах галалёдзіца, уначы і раніцай слабы галалёд. Вецер паўночнай чвэрці парывісты, удзень месцамі моцны парывісты”, — паведамляе метэаслужба.

9 красавіка надвор’е “ў асноўным будзе вызначаць поле паніжанага атмасфернага ціску, удзень з поўначы Балтыйскага мора чакаецца зрушэнне франтальнай сістэмы”. Уначы месцамі невялікі кароткачасовы снег, удзень на большай частцы — кароткачасовыя ападкі (мокры снег, дождж). На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. “Вецер паўночны, ўдзень з пераходам на заходні ўмераны”, — адзначае Белгідрамет.

Падзяліцца: