Мінск 16:36

У Мінску затрымалі членаў групы, якая займалася незаконнай легалізацыяй працоўных мігрантаў — МУС

Відэа: МУС / Стоп-кадр: "Позірк"

7 красавіка, Позірк. У Мінску затрыманыя члены “злачыннай групы”, якая рэалізоўвала “шэрую схему” незаконнай легалізацыі ў Беларусі грамадзян Туркменістана і Узбекістана, паведаміў 7 красавіка прадстаўнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў Уладзімір Гарагляд (на падставе відэазапісу ў тэлеграм-канале МУС).

“На працягу некалькіх гадоў трое беларусаў пры пасрэдніцтве замежных грамадзян арганізоўвалі незаконны ўезд у нашу краіну і знаходжанне мігрантаў”, — сцвярджае ён.

Заяўляецца, што члены групы выраблялі і перадавалі ў дзяржаўныя ўстановы “заведама фальшывыя дакументы як ад фіктыўных, так і легальных працадаўцаў”.

Паводле звестак ГУБАЗіК “ашуканскім шляхам” яны забяспечылі атрыманне замежнікамі (высветлена 210 асоб) віз і дазволаў на часовае пражыванне ў Беларусі.

У месцах пражывання падазраваных сілавікі правялі вобшукі і канфіскавалі “электронныя носьбіты, дакументы фінансава-гаспадарчай і іншай дзейнасці”, а таксама каля 12 тыс. долараў і 20 тыс. рублёў. Агульны даход, атрыманы ад апісанай дзейнасці, ацэньваецца ў 40 тыс. долараў.

Прадстаўнік ГУБАЗіК паведаміў, што падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі Мінска затрымалі для наступнага выправаджэння з краіны каля ста замежнікаў (працавалі таксістамі, дапаможнымі працоўнымі на кірмашах і будаўнічых аб’ектах), якім “зламыснікі дапамаглі застацца ў Беларусі нібыта на законных падставах”.

Упраўленне Следчага камітэта па сталіцы ўзбудзіла крымінальную справу. СК у развіццё гэтай тэмы заявіў, што з 2022 года чатыры таксапаркі акрамя асноўнай дзейнасці “аказвалі дадатковыя паслугі”. “Злачынная схема заснавальнікаў заключалася ў заключэнні фіктыўных працоўных дагавораў з мігрантамі, а таксама выдачы запрашэнняў ад арганізацыі на працу ў Беларусі”, — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Паводле даных следства, фігуранты “пашырылі свае магчымасці з дапамогай пасярэднікаў-замежнікаў, якія праз “сарафаннае радыё” распаўсюджвалі для сваіх суайчыннікаў інфармацыю, як можна трапіць без праблем у краіну”.

Пытанне працоўнай міграцыі ўзнімалася падчас сустрэч Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Мінскага гарадскога тэхнапарка, якія адбыліся 16 студзеня.

“Хочаш запрасіць таджыкаў, узбекаў, казахаў, сірыйцаў, афганцаў — любых людзей, запрашай, — заявіў ён. — Але ты павінен ведаць, што гэта за людзі і што яны табе патрэбныя на гэтым месцы і могуць гэтую аперацыю ажыццяўляць. Не ўмеюць — навучы. Але ты за гэты дзясятак-дваццаць чалавек павінен галавой адказваць”.

На фестывалі-кірмашы “Дажынкі” 5 кастрычніка 2024 года ў Мікашэвічах (Брэсцкая вобласць) Лукашэнка заявіў, што замежнікі, якія прыязджаюць жыць у Беларусь, “не просяць кавалак хлеба”. “А калі просяць, то толькі на пачатку. Затым яны працуюць і зарабляюць самі. Нам патрэбныя на гэтай зямлі працоўныя рукі”, — сказаў ён.

Намеснік кіраўніка МУС Юрый Назаранка на пасяджэнні калегіі ведамства сёлета 21 лютага заявіў, што патрэбныя “дадатковыя меры па кантролі за ўездам-выездам, знаходжаннем замежнікаў і займаннем імі працоўнай дзейнасцю”.

1 ліпеня 2023 года ў Беларусі набыў моц закон “Аб знешняй працоўнай міграцыі”, які спрасціў працэдуры прыцягнення замежнай працоўнай сілы ў Беларусь.

Напрыклад, суб’екты гаспадарання вызвалілі ад неабходнасці атрымліваць дазвол на прыцягненне замежнай працоўнай сілы, а “для значнай колькасці замежных грамадзян”, паводле інфармацыі МУС, была скасаваная наяўнасць абавязковага дазволу на права заняцця працоўнай дзейнасцю ў краіне.

Падзяліцца: