Мінск 04:26

З-за нелегалаў Літва можа закрыць межы для просьбітаў прытулку — кіраўнік МУС

Літоўска-беларуская мяжа
Архіўнае фота: Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы

8 красавіка, Позірк. У Літве рыхтуецца “дужа вялікі міграцыйны пакет”, разглядаецца магчымасць закрыцця мяжы для просьбітаў прытулку, паведамляе сайт тэлеканала LRT са спасылкай на міністра ўнутраных спраў гэтай балтыйскай дзяржавы Уладзіслава Кандратовіча.

Дакумент, паводле яго слоў, “можа ўключаць пэўныя змены, звязаныя з магчымым закрыццём межаў, як гэта зараз робяць Фінляндыя або Польшча”.

“Мы зараз глядзім, аналізуем практыку гэтых дзвюх дзяржаў, калі адбываюцца такія падзеі, напады [нелегальных мігрантаў] на памежнікаў, можна, скажам, рашэннем урада, уводзіць пэўныя абмежаванні на прыём заяў пра наданне прытулку”, — заявіў чыноўнік 7 красавіка ў праграме “Тэма дня”.

Кіраўнік ведамства аргументаваў неабходнасць прыняцця новых рашэнняў тым, што “захады, якія былі дарэчныя пару гадоў таму або летась, сёння могуць не працаваць”.

“Мы павінны мець магчымасць рэагаваць адпаведным чынам, укараняць лепшыя практыкі і аналізаваць сітуацыі ў іншых краінах. Мы павінны аўтаматычна падрыхтаваць і нашу прававую базу. Вельмі важна, каб яна была дарэчнай, каб мы былі гатовыя да наступных пагроз”, — сказаў міністр.

Урад Польшчы з 27 сакавіка абмежаваў на 60 дзён права мігрантаў прасіць пра наданне міжнароднай абароны на мяжы з Беларуссю.

Паводле інфармацыі канцылярыя прэм’ер-міністра Дональда Туска, рашэнне скіраванае на “прадухіленне дэстабілізацыі ўнутранай сітуацыі” на тэрыторыі Польшчы. “На працягу некалькіх гадоў Беларусь праводзіць арганізаваную аперацыю, скіраваную на парушэнне грамадскага парадку ў нашай краіне, а таксама ў іншых краінах ЕС. Вынікам гэтай аперацыі з’яўляецца рэзкае павелічэнне колькасці незаконных перасячэнняў польска-беларускай мяжы”, — адзначалася ў паведамленні.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

За 2024 год Літва, Латвія і Польшча, паводле падлікаў “Позірку” прадухілілі 36,3 тыс. спробаў незаконнага пранікнення мігрантаў з беларускай тэрыторыі.

З пачатку 2025 года Літва спыніла 245 такіх спробаў.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваюцца у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што іх туды “паклікалі”.

Падзяліцца: