Мінск 02:21

Праваабарончы праект “Палітвязынка” абвясціў аб прыпыненні дзейнасці пасля ўключэння ў спіс “экстрэмісцкіх фарміраванняў“

Крыніца: сацсеткі ініцыятывы "Палітвязынка"

10 красавіка, Позірк. Аб прыпыненні дзейнасці пасля ўключэння ў спіс “экстрэмісцкіх фарміраванняў“ абвясціла праваабарончая ініцыятыва “Палітвязынка“.

Рашэнне прынята “ў сувязі з апошнімі навінамі“ і названа “вельмі цяжкім, хваравітым”.

“З самага пачатку мы былі і застаемся голасам за свабоду. За палітвязняў. За гуманізм і эмпатыю. За дыялог. За салідарнасць”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Ініцыятыва звярнулася да “наймацнейшых — да сваякоў палітвязняў“: “Калі ласка, не маўчыце. Вазьміце лёсы сваіх блізкіх у свае рукі. Ніхто — ні палітыкі, ні дыпламаты — не зробіць крок, пакуль вы іх да гэтага не падштурхне. Ваш голас — гэта святло, якое здольнае прарваць цемру”.

На рашэнне ініцыятывы прыпыніць дзейнасць коратка адрэагавала ў каментарах Святлана Ціханоўская: “Дзякуй за ўсю вашу працу”. Пасля прызнання “Палітвязынкі“ “экстрэмісцкім фарміраваннем“ дэмакратычны лідар заявіла: “Рэжым зноў і зноў спрабуе даказаць, што ён здольны зняважыць і скасаваць значнасць беларускіх ініцыятыў. Гэта яго адзіны спосаб паказаць сваю “ўладу”. Але быць сапраўднай уладай— гэта ў першую чаргу думаць пра людзей, пра тое, як абараняць, падтрымліваць, казаць праўду нават у самых надзвычайных умовах“.

Датычнымі да ініцыятывы, створанай вясной 2022 года, сілавыя структуры беларускага рэжыму назвалі Ганну Крацько, Яўгенію Сцепусь (Доўгую) і Насту Захарэвіч.

Дзейнасць, якая прылічаецца да “экстрэмісцкай“, пераследуецца ўладамі ў крымінальным парадку. Гэта адзін з актыўных інструментаў палітычных рэпрэсій.

Падзяліцца: