Мінск 22:58

Рассельгаснагляд без тлумачэння прычын забараніў увозіць у РФ прадукцыю “Малочнага гасцінца”

Ілюстрацыйнае фота: belmilk.by

12 красавіка, Позірк. Прадукцыю вытворчага ўчастка “Малочны гасцінец” ААТ “Мінскі малочны завод № 1” з 12 красавіка нельга ўвозіць на тэрыторыю Расіі, вынікае з указання, якое Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд) разаслала кіраўнікам сваіх тэрытарыяльных упраўленняў і Федэральнай мытнай службе.

Згодна з дакументам, Рассельгаснагляд папрасіў Дэпартамент ветэрынальнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі з 11 красавіка “прыпыніць ветэрынарную сертыфікацыю на адрасы расійскіх атрымальнікаў малочнай прадукцыі”, вырабленай “Малочным гасцінцам”.

Ведамства даручыла давесці гэтую інфармацыю да ведама кіраўнікоў “органаў кіравання ветэрынарыяй” суб’ектаў РФ і “ўсіх зацікаўленых арганізацый і асоб, якія ажыццяўляюць знешнеэканамічную дзейнасць”.

Пры гэтым прычыны, з якіх прынятае адпаведнае рашэнне, у дакуменце не пазначаныя.

10 красавіка Рассельгаснагляд паведаміў пералічаным вышэй адрасатам, што ў гатовай рыбнай прадукцыі беларускага ТАА “Фішмэн Паўэр” выяўленыя бактэрыі групы кішачнай палачкі (БГКП); мясе птушкі ЗАТ “Сервалюкс Агра” і паўфабрыкатах птушкі ТАА “Смалявічы Бройлер” — лістэрыі, а таксама субпрадуктах птушкі (сэрца) абодвух гэтых прадпрыемстваў — дынітракарбанілід; вараным каўбасным вырабе ТАА “Вялес-Міт” — бензілпеніцылін і метабаліт фурацыліна (СЕМ); прэміксе для птушак ЗАТ “Экамол Агра” — сальманела.

У сувязі з гэтым расійскае ведамства папрасіла беларускіх калег пазначыць у Рэестры прадпрыемстваў Мытнага саюза, што адносна прадукцыі гэтых арганізацый павінен быць узмоцнены лабараторны кантроль.

З 3 красавіка, згодна з указаннем Рассельгаснагляду, у РФ зноў можна пастаўляць прадукцыю каўбаснага цэха па вытворчасці мясапрадуктаў і каўбасных вырабаў ААТ “Александрыйскае”, але неабходны ўзмоцнены лабараторны кантроль. Раней у адпаведнай прадукцыі выявілі “парушэнне БГКП (каліформы)”.

Падзяліцца: