Мінск 03:23

Два чалавекі загінулі на пажарах за суткі

13 красавіка, Позірк. З 6 гадзін 12 красавіка па 6 гадзін 13 красавіка ў Беларусі адбылося 36 пажараў, вынікае з сутачнай зводкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Знішчана пяць будынкаў і пяць адзінак тэхнікі. Пашкоджана 29 будынкаў і тры адзінкі тэхнікі.

Загінулі два чалавекі. У в. Слабодка Маладзечанскага раёна (Мінская вобласць) у выніку пажару сухой расліннасці атрымаў апёкі грамадзянін 1963 года нараджэння, які пазней памёр ва ўстанове аховы здароўя. Прычына ўзгарання высвятляецца, гаворыцца ў рэлізе.

Таксама адбыўся пажар у жылым доме ў в. Еўлашы Іванаўскага раёна (Брэсцкая вобласць). На пажары знойдзены загінулы гаспадар 1972 года нараджэння, прычына пажару высвятляецца.

Пажар здарыўся ў будынку гандлёвых радоў на тэрыторыі мінскага Камароўскага рынку па вул. Веры Харужай. У складскім памяшканні, знішчана маёмасць.

За суткі ліквідавана 49 пажараў травы і кустоў на агульнай плошчы каля 10 га.

Такім чынам, з пачатку 2025 года 233 чалавекі сталі ахвярамі пажараў у Беларусі. Гэта на 30,9% больш, чым на гэтую ж дату мінулага года (178; пры гэтым мінулы перыяд быў на дзень больш з прычыны высакоснага года). Колькасць выратаваных на пажарах людзей зменшылася з 249 да 207 (на 16,9%).

У Беларусі фіксуецца “сур’ёзная праблематычная сітуацыя” з гібеллю людзей на пажарах, заявіў на прэс-канферэнцыі 4 сакавіка ў Мінску памочнік міністра па надзвычайных сітуацыях, прэс-сакратар МНС Яўген Бараноўскі.

“Вельмі сур’ёзны рост, такі непрыемны рост [колькасці загінулых]”, — сказаў ён.

Падзяліцца: