Мінск 02:03

Літва забараніла ўезд з Беларусі на матацыклах, мапедах і мотавеласіпедах

Ілюстрацыйнае фота: Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы

16 красавіка, Позірк. Урад Літвы забараніў праезд матацыклаў, мапедаў і матарызаваных ровараў праз прапускныя пункты Мядзінінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі), паведамляе прэс-служба Кабміна.

“Перамяшчэнне праз гэтыя пункты пропуску з Беларуссю будзе магчымае толькі на аўтатранспарце”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Пастанова Вільнюса абгрунтаваная “ўзрослымі пагрозамі бяспекі дзяржавы“, якія звязаныя з нелегальнай міграцыяй, а таксама са “змененай тактыкай дзеянняў супрацоўнікаў беларускіх спецслужбаў і памежных органаў на мяжы”.

Міністэрства ўнутраных спраў, якое стала ініцыятарам прыняцця гэтае рашэнне, аргументавала неабходнасць тым, што з 1 сакавіка 2024 года пасля забароны пешаходам і веласіпедыстам праезду праз пункты Мядзінінкай і Шальчынінкай было зафіксавана “значнае павелічэнне спробаў перасячэння мяжы на матацыклах, мапедах і матарызаваных роварах”. Калі ў першым квартале 2024-га было зарэгістравана 285 такіх выпадкаў, то за тры месяцы 2025-га — 6.170 (рост у 21,6 раза).

Акрамя таго, пастановай прапануецца “часова абмежаваць” перамяшчэнне асоб праз названыя пункты ў выпадку ўстанаўлення фактаў “выкарыстання мігрантаў беларускімі службовымі асобамі”.

“Апошнім часам былі зафіксаваныя спробы беларускіх чыноўнікаў накіроўваць мігрантаў праз пункты пропуску без неабходных дакументаў або без выканання патрабаванняў Шэнгенскага кодэкса аб межах”, — адзначаецца ў прэс-службе.

Паводле слоў міністра ўнутраных спраў Уладзіслава Кандратовіча, мэта літоўскіх уладаў — “забяспечыць максімальную абарону дзяржаўнай мяжы і прадухіліць пагрозы, якія зыходзяць ад штучна арганізаванай беларускім рэжымам міграцыі і магчымых гібрыдных нападаў на мяжы з Беларуссю”.

Чыноўнік мяркуе, што новыя абмежаванні, прынятыя ўрадам, таксама будуць спрыяць “зніжэнню ўплыву беларускіх спецслужбаў і магчымасцяў вярбоўкі літоўскіх і беларускіх грамадзян”.

З 18 жніўня 2023 года Літва закрыла два пункты пропуску на мяжы: Шумскас (з беларускага боку — Лоша) і Цвярячус (Відзы), з 1 сакавіка 2024 года — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка).

Такім чынам, трапіць у Літву з Беларусі цяпер можна толькі праз Мядзінінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

Паводле падлікаў “Позірку”, заснаваных на штодзённых звестках, за першую палову красавіка 2025 года Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы зафіксавала 160 спробаў незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі. Гэта на 53,8% больш, чым за ўвесь сакавік (104), і ў 3,4 раза больш, чым за ўвесь красавік мінулага года (47).

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Падзяліцца: