Мінск 23:05

Ціханоўская анансавала правядзенне Кангрэса па пытаннях палітвязняў

29 красавіка, Позірк. Правядзенне ў пачатку чэрвеня Кангрэсу па пытаннях палітычных зняволеных анансавала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 29 красавіка на пасяджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета ў Варшаве.

Паводле слоў палітыка, якія перадае яе прэс-служба, у кангрэсе возьмуць удзел “дыпламаты, прадстаўнікі краін-партнёраў, былыя палітвязні і праваабаронцы”.

“Тэма палітычных зняволеных застаецца адной з цэнтральных. На жаль, сітуацыя толькі пагаршаецца. Нягледзячы на намаганні нашых саюзнікаў, колькасць рэпрэсій працягвае расці”, — сказала Ціханоўская.

“Таксама 21 траўня я заклікаю ўсіх далучыцца да Дня салідарнасці з палітвязнямі”, — адзначыла яна.

Акрамя гэтага, дэмлідар анансавала сустрэчу 23–25 траўня ў Варшаве прадстаўнікоў “беларускіх супольнасцяў і дыяспар з усяго свету”. “Мы будзем распрацоўваць сумесныя праекты і кампаніі на бліжэйшы час”, — сказала палітык.

На пасяджэнні Ціханоўская пацвердзіла свой удзел 29 красавіка ў 10-м Саміце трох мораў.

“[На саміце] я буду размаўляць з еўрапейскімі лідарамі. Мая галоўная думка на такіх сустрэчах: інтарэсы Беларусі павінны паважацца, умовы для беларусаў — паляпшацца, і нельга дапусціць захавання расійскага кантролю над Беларуссю ў будучыні”, — падкрэсліла палітык.

Гаворачы пра свой візіт у ЗША 6–7 траўня, яна зноў анансавала сустрэчы з прадстаўнікамі адміністрацыі прэзідэнта Дональда Трампа. “Для нас вельмі важна захаваць стратэгічны дыялог з ЗША, аднавіць падтрымку незалежных журналістаў і, вядома, прыкласці ўсе намаганні дзеля вызвалення палітвязняў”, — сказала Ціханоўская.

Падзяліцца: