Мінск 06:42

За тыдзень у Беларусь прыбыло 8.364 грамадзяніна Украіны

2 траўня, Позірк. За тыдзень (з 6:00 25 красавіка да 6:00 2 траўня) у Беларусь прыбыло 8.364 грамадзяніна Украіны (тыднем раней — 6.953), паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт.

Транзітам праз Польшчу прайшло 6.664 (5.704), Літву — 1.620 (1.168), Латвію — 80 (80). Непасрэдна праз мяжу з гэтай краінай — ніводнага (1).

Усяго з 24 лютага 2022 года (пачатак поўнамаштабнага ўварвання РФ) у Беларусь прыбыло 396.149 грамадзян Украіны: праз украінска-беларускую мяжу — 16.002, транзітам праз Польшчу — 296.418, праз Літву — 75.856, праз Латвію — 7.873.

Паводле інфармацыі Дзяржпагранкамітэта, за 2024 год у Беларусь заехаў 134.561 грамадзянін Украіны. У прыватнасці, як сцвярджалася, з тэрыторыі Украіны гэта зрабіла 68 чалавек, транзітам праз Польшчу — 107.154, Літву — 25.362, Латвію — 1.977. Паводле прыблізных разлікаў “Позірку”, у 2023 годзе ў Беларусь заехала больш за 71 тыс. грамадзян Украіны, такім чынам, за год іх колькасць вырасла прыкладна ў 1,9 раза.

Пад выглядам “прыстойных грамадзян Украіны” ў Беларусь і Расію “пачалі прыбываць людзі паводле заданняў спецслужбаў украінскага боку або краін ЕС”, з такім сцвярджэннем выступіў у апублікаваным 28 сакавіка інтэрв’ю дзяржаўнай газеце “СБ. Беларусь сегодня”, начальнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Андрэй Ананенка.

Паводле яго слоў, гэта пачалося “пасля пачатку СВА” (пад “спецыяльнай ваеннай аперацыяй” расійскія і беларускія ўлады называюць поўнамаштабную вайну, якую Масква вядзе супраць Украіны з 24 лютага 2022 года).

Мэтай згаданых візіцёраў, як сцвярджае Ананенка, з’яўляецца “дэстабілізацыя грамадска-палітычнай сітуацыі на пэўных этапах альбо правядзенне разведвальных мерапрыемстваў у дачыненні да ваенных структур, органаў дзяржулады і кіравання”.

“Дзяржпагранкамітэт Беларусі займаецца несумленнай падачай лічбаў і чыстай маніпуляцыяй”, — заявіў у інтэрв’ю “Позірку” ў лютым 2024 года Ігар Кізім, які на той момант займаў пасаду пасла па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі. Паводле яго слоў, размова ідзе пра звычайныя паездкі грамадзян Украіны ў Беларусь.

Дыпламат адзначаў, што ў адкрытых крыніцах звестак пра колькасць украінцаў, якія выехалі з Беларусі, не знайсці. “Сумленным і прыстойным з боку ДПК было б даваць гэтую статыстыку”, — лічыў ён.

Паводле даных ААН на 17 красавіка 2025 года, ва ўсім свеце налічвалася 6.917.800 украінскіх уцекачоў. Амаль за месяц (з 20 сакавіка) іх колькасць зменшылася на 14.900 чалавек, прычым усе яны былі зарэгістраваныя ў Еўропе, цяпер такіх 6.357.600. За межамі Еўропы, як і па стане на 20 сакавіка, зарэгістравана 560.200 украінскіх бежанцаў.

Падзяліцца: