Мінск 13:20

Турчын накіраваўся ў Азербайджан, запланаваныя перамовы з прэзідэнтам Аліевым і прэм’ерам Асадавым

Відэа: прэс-служба ўрада / Стоп-кадр: "Позірк"

5 траўня, Позірк. Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын накіраваўся ў Азербайджан з афіцыйным візітам, паведаміла раніцай 5 траўня прэс-служба Савета міністраў.

Паводле інфармацыі ўрада, “на вышэйшым узроўні” зверыць “пазіцыі на двухбаковым трэку” плануецца на сустрэчы з прэзідэнтам Ільхамам Аліевым.

Акрамя таго, “у вузкім і пашыраным складах” пройдуць перамовы Турчына і яго азербайджанскага калегі Алі Асадава. Чакаецца, што бакі падпішуць “шэраг двухбаковых дакументаў”.

“У рамках афіцыйнага візіту адбудзецца бізнес-форум. Вялікая беларуская дэлегацыя дзелавых колаў прадставіць прадпрыемствы розных галін — ад прамысловасці да вытворчасці прадуктаў харчавання”, — гаворыцца ў паведамленні.

Беларускі прэм’ер таксама мае намер наведаць “шэраг аб’ектаў на тэрыторыях, якія Азербайджан аднаўляе пасля баявых дзеянняў”. Відавочна, гаворка пра тэрыторыі Нагорнага Карабаха, якія перайшлі пад азербайджанскі кантроль у выніку ваеннага канфлікту з Арменіяй.

Афіцыйны Мінск, нягледзячы на ​​дэ-юрэ саюзніцкія стасункі з Ерэванам у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), актыўна наладжвае стасункі з Баку.

Найбольш вострыя фазы апошняга этапа азербайджанска-армянскага канфлікту вакол Нагорнага Карабаха адбыліся напрыканцы 2020 года і напрыканцы 2023-га.

Увосень 2023 года Азербайджан правёў у Нагорным Карабаху “антытэрарыстычныя мерапрыемствы лакальнага характару”, у выніку якіх рэгіён цалкам перайшоў пад кантроль Баку. Паводле рашэння кіраўніцтва непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР), самаабвешчаная дзяржава спыніла існаванне 1 студзеня 2024 года.

Арменія, якая выступала на баку НКР, раскрытыкавала АДКБ за адсутнасць падтрымкі ў вайне з Азербайджанам і фактычна згарнула свой удзел у дзейнасці арганізацыі (ад удзелу ў пасяджэннях да фінансавання). Армянскі прэм’ер-міністр Нікол Пашынян 22 траўня 2024 года заявіў у парламенце, што “мінімум дзве краіны — члена АДКБ <…> удзельнічалі ў падрыхтоўцы вайны супраць” Арменіі. Ён не ўдакладніў, якія краіны мае на ўвазе, але мімаходзь згадаў у сваёй прамове Аляксандра Лукашэнку.

Сёлета ў сярэдзіне лютага амбасадар Беларусі Дзмітрый Піневіч (экс-міністр аховы здароўя) уручыў Аліеву даверчыя граматы. Апошні, як паведамляла прэс-служба беларускага МЗС, заявіў, што паміж двума народамі і краінамі “існуюць заснаваныя на даверы дружалюбныя стасункі”, якія цяпер “выходзяць на якасна новы ўзровень”.

На сустрэчы было закранута пытаннее “ўдзелу беларускіх кампаній у аднаўленча-будаўнічых работах, якія праводзяцца на вызваленых ад акупацыі тэрыторыях Азербайджана”. Пад гэтай фармулёўкай, выкарыстанай знешнепалітычным ведамствам Беларусі, відавочна, мелася на ўвазе тэрыторыі Нагорнага Карабаха.

Падзяліцца: