Мінск 17:06

Рассельгаснагляд не прапусціў партыю сардэлек з Беларусі

Фота: Рассельгаснагляд

6 траўня, Позірк. Пра затрыманне на расійска-беларускай мяжы ў Пскоўскай вобласці РФ 1,8 тоны “гатовай мясной прадукцыі” паведаміла прэс-служба Паўночна-Заходняга міжрэгіянальнага ўпраўлення Федэральнай службы па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд).

Сцвярджаецца, што “спынена перамяшчэнне” сардэлек з цяляцінай, якія з Беларусі ў РФ перавозілі з “парушэннем ветэрынарна-санітарных правілаў” — транспартны сродак быў без халадзільнага абсталявання.

Акрамя таго, на этапе ветэрынарнага кантролю высветлілі, што на партыю сардэлек “адсутнічалі ветэрынарныя суправаджальныя дакументы, якія пацвярджаюць іх бяспеку і паходжанне”.

Груз вернуты ў Беларусь.

Раней паведамлялася, што Рассельгаснагляд звярнуўся ў Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання з просьбай усталяваць “узмоцнены лабараторны кантроль” у дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў праз выяўленне ў іх прадукцыі шэрагу парушэнняў.

21 красавіка ў Пскоўскай вобласці РФ спынілі фуру, што рухалася з Беларусі, у якой знаходзілася больш за 20 тон аўстралійскай серыяёлы (разам з некаторымі іншымі відамі рыбы вядомая пад зборнай назвай “алейная рыба”), вырабленай прадпрыемствам з Новай Зеландыі (тавар, як сцвярджалася, знішчылі).

20 сакавіка паведамлялася, што віцебскія мытнікі спынілі спробу вывазу ў РФ 13 т ахалоджанага ласося коштам амаль 900 тыс. рублёў. Згодна з дакументамі, у грузавіку мусілі быць ванільныя сушкі.

6 сакавіка Дзяржаўны мытны камітэт паведамляў пра спробу вывазу з Беларусі ў РФ буйной партыі ахалоджанага ласося. Парушэнне патрабаванняў транспартавання рыбнай прадукцыі было зафіксаванае гомельскімі мытнікамі “пры правядзенні адмысловых мерапрыемстваў паблізу беларуска-расійскага ўчастка мяжы”.

Падзяліцца: