Мінск 05:45

У красавіку ў Беларусі прададзена на 10% менш новых легкавых аўтамабіляў, чым у сакавіку — БАА

9 траўня, Позірк. У красавіку 2025 года ў Беларусі прададзена 3.859 новых легкавых аўтамабіляў, паведаміў на сайце Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі член праўлення БАА Генадзь Свідзерскі. Гэта на 9,9% менш, чым у сакавіку (4.281).

На думку спецыяліста, агулам сітуацыю на рынку можна характарызаваць як стабільную.

“Пра тэндэнцыі руху рынку, што абазначыліся, у тым ліку з улікам уплыву на яго ўмоў аўтакрэдытавання і аўталізінгу, можна будзе меркаваць па выніках другога квартала“, — заявіў Свідзерскі.

У 2024 годзе ў Беларусі ўдзельнікі асацыяцыі рэалізавалі 49.626 новых легкавых аўтамабіляў — у 2,3 раза больш, чым у 2023-м (21.761).

Як заявіў на прэс-канферэнцыі 15 красавіка 2025 года дырэктар УП “БАА-Кансалт“ Дзмітрый Ярота, у 2019-м было прададзена 60.216 аўтамабіляў, у 2020-м — 46.098, 2021-м — 41.217, 2022-м — 14.843.

Летась на рынку было прадстаўлена 100 мадэляў легкавых аўтамабіляў, што на 28,2% больш, чым у 2023-м. Зрэшты, адзначыў Ярота, “да 2022 года яшчэ далёка“: тады на рынку было 142 мадэлі.

За мінулы год члены БАА рэалізавалі 3.641 электрамабіль і паслядоўны гібрыд (+752%), легкавых: класаў В і С — 18.490 (+150%) і 900 (+488%) адпаведна; D і E — 338 (+10,1%) і 129 (-16,7%); SUV B і SUV E — 8.909 (+81,7%) і 2.634 (+311%); Off-road — 1.705 (+102%).

У 2024 годзе колькасць легкавых аўтамабіляў у жыхароў Беларусі вырасла на 2,1% (з 3.023.002 да 3.085.116), легкавых электрамабіляў — у 3,2 раза (з 6.413 да 20.745), вынікае з праведзенага “Позіркам“ аналізу звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У Брэсцкай вобласці колькасць легкавых аўтамабіляў у 2024 годзе вырасла на 2,8% (з 462.025 да 474.920), электрамабіляў — у 3,6 раза (з 503 да 1.791); у Віцебскай — на 2% (з 337.625 да 344.410) і ў 3,5 раза (з 303 да 1.062) адпаведна; Гомельскай — на 2,3% (з 393.058 да 402.223) і ў 3,4 раза (з 408 да 1.404); Гродзенскай — на 1,8% (з 385.742 да 392.780) і ў 2,8 раза (з 488 да 1.373); Мінскай — на 2,6% (з 509.185 да 522.407) і ў 3,1 раза (з 1.488 да 4.558); Магілёўскай — на 2,3% (з 315.504 да 322.776) і ў 3,7 раза (з 260 да 973); Мінску — на 0,9% (з 619.863 да 625.600) і ў 3,2 раза (з 2.963 да 9.584).

Паводле звестак Белстата, забяспечанасць легкавымі аўтамабілямі на 1.000 чалавек насельніцтва вырасла на 2,7% (з 330 паводле вынікаў 2023 года да 339 паводле вынікаў 2024-га).

Падзяліцца: