Мінск 14:49

Католікі Беларусі прымаюць абранне новага біскупа Рыма з надзеяй — кіраўнік ККББ Станеўскі

Першая імша Папы Льва XIV з кардыналамі (Ватыкан, 9 траўня 2025 года)
Відэа: EWTN Global Catholic Network / Стоп-кадр: "Позірк"

10 траўня, Позірк. Віншаванне з абраннем на Святы Пасад ад імя вернікаў і Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ) скіраваў папу рымскаму Льву XIV старшыня ККББ, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

“Гэта падзея глыбока кранальная для супольнасці каталіцкага касцёла і для ўсяго свету і мы, верныя каталіцкага касцёла ў Беларусі, прымаем абранне новага біскупа Рыма з вялікай радасцю, надзеяй і сыноўняй адданасцю, — цытуе беларускага іерарха партал catholic.by. — Касцёл у Беларусі заўсёды верна трываў побач з наступнікам святога Пятра, акружаючы кожнага Святога Айца пашанай і даверам”.

Пра тое, што беларускі касцёл з надзеяй глядзіць на пантыфікат Ільва XIV, “Позірку” раней заявіў каталіцкі святар Раман (імя змененае з меркаванняў бяспекі).

“Мы пачулі ў першым прывітальным слове, якое ён кіруе да ўсіх католікаў: ён прагне перадаць Супакой Хрыстоў. А супакой будуецца не на мілітарных сілах, а на праўдзе і справядлівасці. І калі прыходзіць да ўлады Царквой Божай такі чалавек, які добра разумее праблемы і тое, што сацыяльнае вучэнне — гэта не палітыка, а прапаведаванне Евангелля, то ёсць надзея, што ён належным чынам выканае заданне, на якое яго ўскладае Пан Бог. І я малюся, каб ён як мага лепш мог выканаць гэтае заданне і сказаў, якія памылкі ёсць ў сучасным свеце, праз прызму Евангелля. І спадзяюся, што ён будзе дакладна абвяшчаць праўду і будаваць Царства Божае”, — адзначыў ксёндз.

69-гадовы кардынал Роберт Фрэнсіс Прэвост, які раней узначальваў дыкастэрыю Рымскай курыі па справах біскупаў, увечары 8 траўня быў абраны новым пантыфікам, узяўшы сабе імя Леў XIV.

У той жа дзень кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, віншуючы папу з абраннем, адзначыла, што яго слова “можа стаць голасам падтрымкі” для беларускіх палітвязняў і іх сем’яў, а таксама голасам для “ўсіх, хто не страціў веры нават у самых цяжкіх умовах”.

Яе намеснік у АПК, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка выказаў спадзеў на тое, што Леў XIV стане голасам сумлення і падтрымкі для тых, хто верыць у праўду і свабоду. Палітык падкрэсліў, што абранне папы мае вялікае духоўнае значэнне для мільёнаў каталікоў, у тым ліку для каталіцкай супольнасці Беларусі, народ якой перажывае цяжкія часы: “Пераслед святароў, закрыццё храмаў, ціск на вернікаў і шырокамаштабныя рэпрэсіі супраць мірных грамадзян — усе гэта патрабуе голасу маральнага аўтарытэту, здольнага выказаць салідарнасць з пакутлівым народам і абараніць фундаментальныя правы чалавека”.

Аляксандр Лукашэнка аператыўна запрасіў папу Льва XIV у Беларусь.

Падзяліцца: