Мінск 16:28

Фракцыя “Беларусы” вылучыла кандыдатуру Кныровіча на выбары спікера КР

knyrovich-NB-OST-20240803
Аляксандр Кныровіч
Архіўнае фота: АПК

12 траўня, Позірк. Фракцыя “Беларусы” ў Каардынацыйнай радзе (КР) вылучыла кандыдатуру свайго члена — прадпрымальніка, бізнес-ментара, блогера Аляксандра Кныровіча — на выбары спікера КР.

Выбары прызначаныя на 13 траўня. У той самы дзень перад электаральнай працэдурай адбудзецца абмеркаванне кандыдатур.

Раней паведамлялася, што фракцыя “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду” (у яе ўваходзіць дзейная спікер КР Анжаліка Мельнікава, пра знікненне якой стала вядома напрыканцы сакавіка) плануе вылучыць на выбары кандыдатуру свайго члена — намесніка кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Арцёма Брухана. Варта адзначыць, што НАУ ачольвае намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета і лідар вышэйзгаданай фракцыі Павел Латушка.

Паралельна з выбарамі спікера 13 траўня пройдзе галасаванне адносна паправак у статут КР. Калі яны будуць прынятыя, колькасць віцэ-спікераў павялічыцца з аднаго да двух.

У “Каманды Латушкі і Руху “За Свабоду” — найбуйнейшай фракцыі ў КР — 28 з 80 месцаў, у фракцыі “Беларусы” — 9. Іншыя групы, прадстаўленыя ў гэтай палітычнай структуры, свае кандыдатуры на пасаду спікера пакуль не ўносілі.

Пытанне правядзення выбараў спікера КР стала актуальным пасля знікнення Мельнікавай.

25 красавіка стала вядома, што камісія КР па пытаннях статута і іншых унутраных дакументаў прапанавала правесці 13 траўня выбары спікера КР, калі яго паўнамоцтвы не пяройме цяперашняя выканаўца абавязкаў старшыні гэтай палітычнай структуры Станіслава Гліннік (26 красавіка палітык паведаміла “Позірку”, што не будзе прэтэндаваць на пасаду спікера, на пасяджэнні КР 6 траўня яна таксама пра гэта заявіла).

У рашэнні камісіі, апублікаваным 25 красавіка ў тэлеграм-канале КР, было адзначана, што 9 лютага спікер Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава “паведаміла пра сыход у адпачынак і часовую перадачу сваіх паўнамоцтваў віцэ-спікеру Станіславе Гліннік”.

“Апошняе пасяджэнне Нарады фракцый, якое праводзілася пад старшынствам А. Мельнікавай, адбылося 11 лютага 2025 года. Адпаведна, гэтая дата лічыцца апошнім днём фактычнага выканання ёю функцыі спікера КР”, — гаворыцца ў дакуменце. Такім чынам, канстатавала камісія, 12 траўня “спаўняецца тры месяцы з моманту, калі спікер КР не ажыццяўляе выкананне сваіх функцый”.

“У адпаведнасці з п. 4.2.2. Статута КР, віцэ-спікер з’яўляецца дзейным дэлегатам КР, абраным Агульным пасяджэннем, які замяшчае спікера ў перыяды вымушанай адсутнасці. У выпадку немагчымасці выканання спікерам сваіх функцый на працягу трох месяцаў запар віцэ-спікер пераймае ўсе правы і абавязкі спікера”, — адзначана ў рашэнні.

Пра тое, што Мельнікава не на тэрыторыі Польшчы і не выходзіць на сувязь з 25 сакавіка, “Позірку” паведаміла 28 сакавіка прэс-служба Латушкі.

Пазней СМІ паведамілі, што спікер КР магла з дзецьмі вылецець з Польшчы ў Вялікабрытанію, а потым у Шры-Ланку і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

13 красавіка Павел Латушка паведаміў, што напярэдадні звярнуўся ў польскую пракуратуру з прапановай правесці дадатковыя следчыя дзеянні і заявай пра гатоўнасць даць паказанні сведкаў па яе справе.

17 красавіка Польскае радыё са спасылкай на Нацыянальную пракуратуру паведаміла, што расследаваннем знікнення Мельнікавай на даручэнне пракуратуры зоймецца Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы.

Праз тыдзень, 24 красавіка, стала вядома, што справа, па якой Мельнікава праходзіць як пацярпелая асоба, перададзеная ў пракуратуру.

Падзяліцца: