Мінск 14:27

Эстонія дзясяты раз з 2021 года накіравала падраздзяленне на ахову мяжы Латвіі і Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: сайт урада Латвіі

12 траўня, Позірк. Дэпартамент паліцыі і памежнай аховы (ДППА) Эстоніі 12 траўня накіраваў падраздзяленне з 11 чалавек для аказання дапамогі латвійскім калегам на беларускай мяжы ў сувязі з ростам колькасці незаконных перасячэнняў, паведамляе інфармагенцтва ERR.

З Тарту ў Латвію адправілася група эстонскіх паліцыянтаў ESTPOL10, гэта 10-я група, накіраваная на мяжу ад пачатку міграцыйнага крызісу ў 2021 годзе.

У святле таго, што спробы незаконнага перасячэння мяжы на латвійска-беларускай мяжы значна пачасціліся і, як адзначае агенцтва, “найбліжэйшым часам іх наўрад ці стане менш”, на мінулым тыдні Латвія звярнулася да ДППА Эстоніі з просьбай даслаць на дапамогу паліцэйскае падраздзяленне.

Асноўнай задачай ESTPOL10 будзе ўдзел у патруляванні мяжы. З улікам “асаблівасцяў паводзінаў” парушальнікаў мяжы, Рыга папрасіла сабраць каманду з ліку людзей, якія маюць сярод іншага падрыхтоўку і досвед працы са стрымліваннем натоўпу.

“Эстонія заўсёды гатовая дапамагчы нашым сябрам і суседзям, калі да нас звяртаюцца па дапамогу, — заявіў кіраўнік памежнай службы Вейка Каммусаар. — Зразумела, для нас важна атрымаць рэальны досвед у прадухіленні міграцыйных нападаў. Сёння мы не бачым прыкмет таго, што да нашых межаў накіроўваюцца нелегалы, але гэта можа вельмі хутка змяніцца. Акрамя таго, існуе рызыка, што тыя, у каго атрымаецца незаконна перасекчы мяжу ў нашых паўднёвых суседзяў, могуць выкарыстаць Эстонію як транзітную краіну ў скандынаўскія краіны. Мы размясцілі дадатковыя сілы ў Паўднёвай Эстоніі і Таліне, каб прадухіліць і спыніць магчымыя спробы незаконнага перасячэння мяжы”.

Паводле слоў кіраўніка групы ESTPOL10 Пірка Пярыла, чакаецца, што каманда пачне працу на мяжы 13 траўня.

Эстонцаў накіруюць у раёны Каплава і Рабежніекі, дзе апошнім часам назіраецца найбольшая колькасць спробаў незаконнага перасячэння мяжы. Летась улетку ў гэтым жа раёне працавала падраздзяленне ESTPOL9.

Тэрмін працы ESTPOL10 у Латвіі — два тыдні. За гэты час будзе праведзеная ацэнка сітуацыі і прынятае рашэнне, ці будзе патрэбная другая ратацыя, адзначае ERR.

Ад пачатку года суседнія краіны Еўрасаюза прадухілілі не менш як 10,6 тыс. спробаў мігрантаў нелегальна трапіць з тэрыторыі Беларусі, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных памежных службаў гэтых дзяржаў. Латвія спыніла 2,9 тыс. такіх спробаў (ад пачатку траўня — больш за 900).

У 2024 годзе Латвія спыніла больш за 5,3 тыс. спробаў незаконнага перасячэння мяжы з беларускай тэрыторыі.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваюцца у Еўрасаюз праз Беларусь, бо іх туды “паклікалі”.

Падзяліцца: