Мінск 00:59

Пажар у Баранавічах: Мужчына загінуў у агні, дзве жанчыны памерлі па дарозе ў бальніцу

Відэа: СК / стоп-кадр: "Позірк"

13 траўня, Позірк. Тры чалавекі загінула ўначы 13 траўня ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць) у выніку пажару ў жылым доме, паведамляе прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Адзначаецца, што 39-гадовы мужчына загінуў у агні. Дзве жанчыны — 55-гадовая маці і яе 32-гадовая дачка — памерлі па дарозе ў бальніцу.

На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група.

Ачаг узгарання выяўлены ў адным з пакояў ля канапы. Паводле папярэдняй версіі, пажар узнік праз неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.

Акрамя таго, паводле інфармацыі МНС, позна ўвечары 12 траўня паступіла паведамленне пра пажар у жылым доме ў вёсцы Асаўцы (Бярозаўскі раён Брэсцкай вобласці).

Зафіксаваны шэраг выпадкаў атручвання чадным газам. Уначы 13 траўня шпіталізавалі жыхара вёскі Каўняцін (Пінскі раён Брэсцкай вобласці) 1933 года нараджэння, а таксама жыхара Светлагорска (Гомельская вобласць) 1977 г.н. Абодва атруціліся праз заўчасна зачыненую засаўку коміна печы.

Паводле інфармацыі МНС, у мінулыя выхадныя з той жа прычыны чадным газам атруціліся чацвёра дзяцей у жылым доме ў Стаўбцоўскім раёне (Мінская вобласць). Медыкі агледзелі іх, шпіталізавалі і выпісалі на наступны дзень у “здавальняльным” стане.

Ад пачатку года, паводле інфармацыі на сайце міністэрства, на пажарах у Беларусі загінула 277 чалавек. Раней “Позірк” неаднаразова звяртаў увагу на заніжэнне статыстыкі смяротнасці на пажарах у зводках МНС.

Падзяліцца: