Мінск 18:03

Ратыфікавана пагадненне з РФ аб узаемным выкананні судовых рашэнняў

14 траўня, Позірк. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) ратыфікавала 14 траўня заключанае паміж Беларуссю і Расіяй пагадненне аб парадку ўзаемнага выканання судовых пастаноў дзвюх краін.

Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале ПП НС.

Пагадненне аб парадку ўзаемнага выканання судовых пастаноў было падпісана на пасяджэнні аб’яднанай калегіі міністэрстваў юстыцыі Расіі і Беларусі 18 снежня ў Маскве.

Паводле інфармацыі беларускага боку,“пагадненнем вызначана, што судовыя пастановы, вынесеныя кампетэнтнымі судамі аднаго боку, не маюць патрэбы ў спецыяльнай працэдуры прызнання і выконваюцца на тэрыторыі іншага боку ў такім жа парадку, што і судовыя пастановы, вынесеныя на тэрыторыі іншага боку, на падставе выканаўчых дакументаў кампетэнтных судоў боку, на тэрыторыі якогй былі вынесеныя судовыя пастановы”.

Устаноўленыя патрабаванні да афармлення і пакету дакументаў, што накіроўваюцца на выкананне ў іншую дзяржаву, а таксама падставы для вяртання выканаўчага дакумента.

Прадугледжана, што выканаўчы дакумент на падставе заявы спагнанніка накіроўваецца для выканання ўпаўнаважаным органам аднаго боку ўпаўнаважанаму органу іншага боку.

З боку Беларусі упаўнаважанымі органамі з’яўляюцца ўпраўленні прымусовага выканання галоўных упраўленняў юстыцыі абласных, Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, з боку Расіі — тэрытарыяльныя органы Федэральнай службы судовых прыставаў.

Палата прадстаўнікоў 14 траўня ўхваліла яшчэ шэраг дакументаў.

Ратыфікаваны дагавор з Пакістанам аб выдачы асоб, якія адшукваюцца, пагадненні аб паветраных зносінах з Саудаўскай Аравіяй і Сейшэльскімі астравамі. Таксама ухвалены пратакол аб унясенні змяненняў у дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29 траўня 2014 года ў частцы, якая тычыцца “асаблівага механізму пры правядзенні расследаванняў і прыняцці рашэнняў аб прымяненні або непрымяненні спецыяльных ахоўных, антыдэмпінгавых і кампенсацыйных мер”.

Акрамя гэтага, ухвалены законапраект аб спыненні дзеяння пагаднення з Украінай аб вытворчай і навукова-тэхнічнай кааперацыі. З гэтай нагоды заяўлена, што “сур’ёзнымі перашкодамі рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых у рамках пагаднення”, з’яўляюцца “немагчымасць правядзення ўзаемаразлікаў паміж суб’ектамі гаспадарання” дзвюх краін, “адсутнасць магчымасці выкарыстоўваць тэрыторыю Украіны як платформу ў лагістычным ланцужку, а таксама як зыходны або канчатковы транспартыровачны пункт”.

Падзяліцца: