Мінск 01:36

АПК падтрымаў намаганні МЗС Літвы па магчымасці ўвядзення нацыянальных эканамічных санкцый супраць Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

15 траўня, Позірк. Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі 14 траўня выступіў з заявай, у якой вітаў ініцыятыву ўрада Літвы замацаваць на заканадаўчым узроўні магчымасць уводзіць нацыянальныя эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

У дакуменце адзначана прынцыповая пазіцыя Літвы ў частцы “жорсткага ціску на злачынны рэжым у Беларусі з мэтай прымусіць яго спыніць сістэматычныя парушэнні міжнароднага права”.

АПК падкрэсліў, што высока цэніць “лідарства Літвы ў пытанні міжнародна-прававога пераследу рэжыму Лукашэнкі за здзяйсненне злачынстваў супраць беларускага народа” і “выказвае ўдзячнасць” літоўскаму кіраўніцтву за адпаведныя ініцыятывы.

“Мы заклікаем іншыя дзяржавы ЕС падтрымаць ініцыятыву Літвы з мэтай падвышэння эфектыўнасці абмежавальных мер, якія прымаюцца як на рэгіянальным, так і на нацыянальным узроўнях, — гаворыцца ў дакуменце. — Скаардынаваныя дзеянні міжнароднай дэмакратычнай супольнасці ўмацуюць эфектыўнасць ціску і абмяжуюць магчымасці рэжыму Лукашэнкі абыходзіць санкцыі”.

Намеснік кіраўніка АПК Павел Латушка падкрэсліў, што ініцыятыва Літвы — сігнал пра тое, што Лукашэнка “не мусіць адчуваць сябе беспакараным”: “Міжнародная супольнасць павінна ісці далей — ад націску да фактычна ўльтыматума. Злачынствы супраць беларускага народа і парушэнні міжнароднага права не могуць заставацца без адказу”.

Латушка таксама адзначыў ролю Літвы як лідара ў пытаннях “міжнародна-прававога расследавання злачынстваў, здзейсненых Лукашэнкам у дачыненні да беларускага народа, і прыцягнення яго да адказнасці ў рамках Міжнароднага крымінальнага суда”.

14 траўня Міністэрства замежных спраў Літвы зарэгістравала праект паправак у заканадаўства, які ў выпадку прыняцця дазволіць ёй увесці нацыянальныя эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Мінска і Масквы. Вільнюс мае намер пайсці на такі крок, калі абмежавальныя меры ЕС не будуць працягнутыя праз пазіцыю Венгрыі, паведамляе LRT.

Згодна з праектам закона, урад Літвы можа ўвесці два віды санкцый: замарожванне актываў і сектаральныя абмежаванні. У абодвух выпадках спісы асоб і кампаній, якія трапляюць пад санкцыі, будуць сфармаваныя кабінетам міністраў.

Папраўкі дазваляюць Вільнюсу замарозіць актывы тых фізічных і юрыдычных асоб, якія “наўпрост ці ўскосна падтрымліваюць вайну Крамля супраць Украіны, прадпрымаюць дзеянні, скіраваныя супраць тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, падрываюць стабільнасць гэтай краіны”, а таксама тых, хто “падрывае незалежнасць Літвы праз гібрыдную дзейнасць, у тым ліку праз скаардынаванае маніпуляванне інфармацыяй і ўмяшанне ў абмен інфармацыйнымі плынямі”.

Акрамя таго, будуць замарожвацца актывы “тых расійскіх і беларускіх фізічных і юрыдычных асоб, якія падтрымліваюць парушэнні правоў чалавека, рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі ў Расіі і Беларусі”.

Прадугледжаныя выключэнні пры прымяненні абмежавальных мер, напрыклад, калі замарожаныя сродкі неабходныя для “задавальнення асноўных патрэбаў”, уключаючы аплату прадуктаў харчавання, камунальных паслуг, арэнды або іпатэкі, лекаў, лячэння, падаткаў і страхавых унёскаў.

Сектаральныя санкцыі, згодна з законапраектам, прадугледжваюць забарону на продаж, пастаўку, перадачу або экспарт з Літвы ў РФ або Беларусь тавараў, тэхналогій, паслуг і праграмнага забеспячэння, якія могуць быць выкарыстаныя для развіцця сектараў абароны і бяспекі гэтых краін, павелічэння прамысловага патэнцыялу або нанясення шкоды літоўскай дзяржаве.

Выключэнні могуць прымяняцца ў выпадках, калі паслугі патрабуюцца, напрыклад, у медыцынскіх, фармацэўтычных або гуманітарных мэтах, для эксплуатацыі і абслугоўвання грамадзянскіх ядзерных аб’ектаў.

Калі Сейм прыме папраўкі, а ЕС не працягне санкцыі, то пералічаныя вышэй механізмы набудуць моц у жніўні.

Пра ініцыятыву МЗС стала вядома 6 траўня. Паводле слоў галоўнага дарадцы прэзідэнта Літвы па знешняй палітыцы Асты Скайсгірытэ, да “рэгіянальных санкцый” супраць Расіі пры гэтым могуць далучыцца краіны Балтыі, Польшча, а таксама, магчыма, Фінляндыя і іншыя краіны Паўночнай Еўропы.

“У ідэале мэтай павінна быць працяг санкцый ЕС супраць Масквы — крок, які быў паспяховым у мінулым, нягледзячы на ​​агаворкі Венгрыі”, — сказала Скайсгірытэ.

Апошні раз ЕС уводзіў санкцыі супраць Беларусі 27 сакавіка, тады пад іх трапілі 25 фізічных і 7 юрыдычных асоб.

17 красавіка Сейм Літвы падоўжыў яшчэ на год — да 2 траўня 2026-га — дзеянне закона аб нацыянальных санкцыях у дачыненні да грамадзян Беларусі і Расіі, адхіліўшы пры гэтым прапанову кансерватараў зраўнаваць абмежавальныя меры для беларусаў з тымі, што ўведзены для расіян.

Венгрыя застаецца адзінай краінай Еўрасаюза, якая падтрымлівае рэгулярныя публічныя кантакты з Мінскам. Як член ЕС яна далучылася да санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, аднак прадстаўнікі венгерскіх уладаў неаднаразова заяўлялі, што не падтрымліваюць іх.

Падзяліцца: