Мінск 15:38

Прадукцыя з “лнр” карыстаецца попытам у Беларусі, сцвярджае чыноўнік акупаванай РФ часткі Украіны

16 траўня, ПозіркПрадукцыя з “луганскай народнай рэспублікі” — акупаванай Расіяй часткі Луганскай вобласці Украіны — карыстаецца попытам не толькі ў РФ, але таксама ў Беларусі, Арменіі і Казахстане, такое сцвярджэнне зрабіў “кіраўнік урада” так званай “лнр” Ягор Кавальчук у размове з журналістамі на XVI Міжнароднага эканамічнага форуму “Расія — Ісламскі свет: KazanForum” (13–18 траўня).

Чыноўнік, словы якога прыводзіць расійскае дзяржаўнае інфармагенцтва ТАСС, заявіў, што гаворка ідзе пра вугаль, сталі, ферасплавы, прадукцыю металургіі.

“Магу сказаць, што і ад іх ідзе сустрэчная плынь тавараў, — сцвярджае Кавальчук. — І цяпер адна з задач эканомікі бачыцца ў тым, каб паспрабаваць рабіць плынь гэтых тавараў у нас, на месцы. На гэта і скіраваныя ўсе намаганні, у тым ліку і рэзідэнтаў свабоднай эканамічнай зоны”.

Афіцыйны Мінск і праўладныя грамадскія арганізацыі падтрымліваюць кантакты з акупацыйнымі ўладамі на захопленых РФ тэрыторыях Украіны.

Кіраўнік “лнр” Леанід Пасечнік з нагоды Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, які ўлады ў Мінску і Маскве адзначаюць 2 красавіка, заявіў, што “жыхары Луганшчыны пастаянна адчуваюць рэальную падтрымку з боку брацкай Беларусі” па “аднаўленні вытворча-эканамічных і гандлёвых сувязей рэгіёна, развіццю гуманітарных кантактаў”.

30 верасня 2022 года Уладзімір Пуцін падпісаў “дакументы” аб уваходжанні ў склад РФ так званых “данецкай і луганскай народных рэспублік”, а таксама “Запарожскай і Херсонскай абласцей”. За некалькі дзён да гэтага на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях пад кантролем расійскіх вайскоўцаў прайшлі адпаведныя “рэферэндумы”.

На пачатку 2023 года Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі дэ-факта прызнаў сепаратысцкія ўтварэнні “днр” і “лнр”. 6 студзеня на сайце верхняй палаты беларускага парламента з’явіўся прэс-рэліз, з якога вынікала, што член СР НС Дзмітрый Баскаў “узяў удзел у акцыі фонду [паралімпійца] Аляксея Талая па арганізацыі знаходжання школьнікаў з Данецкай і Луганскай рэспублік у Мінску ў перыяд зімовых школьных канікулаў”.

Разам з тым дэ-юрэ беларускія ўлады не прызналі незалежнасць “днр” і “лнр”, роўна як іх “далучэнне” да Расіі пасля “рэферэндумаў”, пры гэтым афіцыйны Мінск ухваляе агрэсію РФ супраць Украіны.

Падзяліцца: