Мінск 00:47

Маці траіх дзяцей загінула ў Баранавічах, выпаўшы з акна

16 траўня, Позірк. Цела жанчыны знойдзена раніцай 16 траўня каля аднаго з дамоў па вул. Наканечнікава ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць), паведамляе выданне “Наш край”.

Паведамляецца, што яна памерла ад траўмаў, атрыманых у выніку падзення з акна дзявятага паверха.

У загінулай засталося трое дзяцей, двое з іх — непаўналетнія, гаворыцца ў публікацыі.

Афіцыйны прадстаўнік УСК па Брэсцкай вобласці Раман Зармаеў паведаміў, што праверку па факце здарэння праводзіць Баранавіцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта.

Паводле яго слоў, на месцы здарэння працавалі следчыя, апытваліся сведкі, для высвятлення прычын трагедыі прызначаная судова-медыцынская экспертыза.

14 траўня тэлеканал “Гродна Плюс” паведаміў, што пад вокнамі шматпавярхоўкі ў мікрараёне Альшанка ў Гродне знойдзена цела 43-гадовай жанчыны, інцыдэнт адбыўся напярэдадні. У загінулай засталіся трое дзяцей.

Намесніца дырэктара па медыцынскай частцы РНПЦ псіхічнага здароўя Аксана Шылава на міжнародным медыцынскім форуме “Ахова здароўя Беларусі” ў Мінску 16 красавіка паведаміла, што самы высокі ўзровень суіцыдаў у Беларусі ў 2024 годзе быў у Мінску — 9,2 выпадка на 100 тыс. насельніцтва. Найменшы ўзровень суіцыдаў зафіксаваны ў Мінскай вобласці (5,02).

У спецыялізаваным выданні “Медыцынскі веснік” у снежні 2024 года Шылава прывяла абсалютныя лічбы самагубстваў за першую палову 2024 года. Усяго іх было 596, або 6,51 на 100 тыс. насельніцтва.

Падзяліцца: