Мінск 18:21

Каталікос усіх армян Гарэгін II асвяціў першы ў Беларусі храм Армянскай апостальскай царквы

Фота: sb.by

18 траўня, Позірк. Кіраўнік Армянскай апостальскай царквы (ААЦ) Гарэгін II 18 траўня ў Мінску правёў цырымонію асвячэння першага ў Беларусі храма гэтай старажытнаўсходняй міяфізіцкай царквы, паведамляе інфармагенцтва “Навіны Арменіі”.

Падкрэсліваецца, што каталікос “спецыяльна з гэтай нагоды ўпершыню наведаў Беларусь”.

На цырымоніі прысутнічалі дэлегацыя Расійскай і Нова-Нахічэванскай епархіі ААЦ (у яе юрысдыкцыю ўваходзяць Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія (большая частка), Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан) на чале з яе прадстаяцелем архіепіскапам Езрасам Нерсісянам, кіраўнік епархіяльнага савета армянскай царквы акадэмік Арамаіс Камалаў, а таксама, як паведамляецца, “мецэнаты і паломнікі з розных гарадоў Расіі”.

Таксама ў асвячэнні ўдзельнічалі “дзяржаўныя, рэлігійныя, грамадскія, культурныя дзеячы, прадстаўнікі армянскай абшчыны”.

Беларускую ўладу на цырымоніі прадстаўляў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў.

Прыезд у Мінск Гарэгіна II анансаваўся 17 траўня.

6 верасня 2024 года Рыжанкоў і старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў наведвалі месца будаўніцтва армянскай царквы ў сталіцы і сустракаліся з прадстаўнікамі армянскай дыяспары.

Разам з тым на ўзроўні ўладаў у Беларусі і Арменіі абвостраныя стасункі — фактычна праз супрацу Мінска і Баку, у тым ліку ў вайсковай сферы, рыторыку па сітуацыі вакол Нагорнага Карабаха.

Найбольш вострыя фазы апошняга этапа азербайджанска-армянскага канфлікту вакол Нагорнага Карабаха адбыліся напрыканцы 2020 года і напрыканцы 2023-га.

Увосень 2023 года Азербайджан правёў у Нагорным Карабаху “антытэрарыстычныя мерапрыемствы лакальнага характару”, у выніку якіх рэгіён цалкам перайшоў пад кантроль Баку. Згодна з рашэннем кіраўніцтва непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР), самаабвешчаная дзяржава спыніла існаванне 1 студзеня 2024 года.

Арменія, якая выступала на баку НКР, раскрытыкавала Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) за адсутнасць падтрымкі і фактычна згарнула свой удзел у дзейнасці ваенна-палітычнага блока (ад удзелу ў пасяджэннях да фінансавання). Армянскі прэм’ер-міністр Нікол Пашынян 22 траўня 2024 года заявіў у парламенце, што “мінімум дзве краіны — члена АДКБ <…> удзельнічалі ў падрыхтоўцы вайны супраць” Арменіі. Ён не ўдакладніў, якія краіны мае на ўвазе, але мімаходзь згадаў у сваёй прамове Аляксандра Лукашэнку.

13 чэрвеня 2024-га кіраўнік армянскага ўрада заявіў, што ні ён, ані які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Мінску знаходзіцца Лукашэнка. Ён сказаў пра гэта ў кантэксце заяў беларускага палітыка пра карабахскі канфлікт на сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым.

У тым жа месяцы Ерэван адклікаў з Мінска свайго амбасадара Разміка Хумарана, пасля пацвердзіўшы, што не мае намеру яго вяртаць (у красавіку 2025-га Лукашэнка вызваліў Аляксандра Канюка ад пасады амбасадара ў Арменіі, новы дагэтуль не прызначаны).

26 снежня Пашынян папярэдзіў, што не мае намеру прыязджаць у 2025 годзе ў Беларусь на саміт Еўразійскага эканамічнага саюза.

Падзяліцца: