Мінск 01:11

Сергеенка перадаў папу Льву XIV падарунак ад Лукашэнкі — абраз, выраблены ў Свята-Елісавецінскім манастыры, які падтрымлівае вайну

Фота: ПП НС

18 траўня, Позірк. Сустрэча спікера Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) Ігара Сергеенкі і папы рымскага Льва XIV адбылася 18 траўня ў Ватыкане падчас цырымоніі інтранізацыі пантыфіка, паведамляе прэс-служба ніжняй палаты парламента.

Заяўляецца, што Сергеенка перадаў кіраўніку рымска-каталіцкай царквы падарунак ад Аляксандра Лукашэнкі — абраз Божай Маці “Жыровіцкая”.

“Абраз выраблены майстрамі мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра ў тэхніцы ручнога ціснення, серабрэння і залачэння”, — адзначаецца ў паведамленні.

Падкрэсліваецца, што арыгінал “адной з галоўных святынь Беларусі” знаходзіцца ў Свята-Успенскім манастыры ў Жыровічах (Слонімскі раён Гродзенскай вобласці).

Па даручэнні Лукашэнкі спікер ПП НС таксама “сардэчна павіншаваў” Льва XIV з уступленнем на пасаду. Пастырскае служэнне пантыфіка, паводле слоў Сергеенкі, з’яўляецца “дабром для чалавецтва на зямлі”.

“У наш няпросты і непрадказальны час спадзяванні народаў на мір і сацыяльную справядлівасць толькі ўзмацняюцца, і хрысціянскія каштоўнасці, духоўнасць, міралюбнасць — тое, што цяпер аб’ядноўвае Беларусь і Святы Пасад. Таму нам ёсць над чым разам працаваць”, — заявіў спікер ніжняй палаты парламента.

Звяртаючыся да папы рымскага, ён сказаў, што яго “будуць вельмі рады бачыць на гасціннай беларускай зямлі”.

Як паведамлялася, Сергеенка, які знаходзіцца пад санкцыямі, наведвае цырымонію інтранізацыі Льва XIV. Раней з уступленнем на пасаду пантыфіка павіншаваў Лукашэнку.

69-гадовы амерыканскі кардынал Роберт Фрэнсіс Прэвост (папа Леў XIV) быў абраны кіраўніком рымска-каталіцкай царквы 8 траўня. Выбары адбыліся пасля смерці папы Францішка 21 красавіка 2025 года.

11 траўня пантыфік асудзіў расійскую агрэсію ва Украіне, назваўшы яе “імперыялістычнай па сваёй прыродзе”. Беларускія ўлады падтрымліваюць РФ у гэтай захопніцкай вайне.

СМІ паведамляюць пра намер папы Льва XIV сустрэцца 18 траўня з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Раней паведамлялася пра намер пантыфіка наведаць гэтую краіну.

Свята-Елісавецінскі манастыр адкрыта падтрымлівае расійскую ваенную агрэсію ва Украіне і аказвае дапамогу расійскаму войску, не маючы за гэта ніякіх нараканняў з боку дзяржавы.

Паводле інфармацыі кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі, прыстанак “арганізуе канцэрты ў падтрымку расійскай арміі і збірае харчы і сродкі для расійскіх вайскоўцаў”. Публічна манастыр паведамляе пра “гуманітарную дапамогу” жыхарам Данбаса.

У траўні 2023 года манастыр заявіў аб правядзенні ў Мінску канцэрта ў падтрымку “шпіталяў і параненых байцоў рускай арміі, якія ўдзельнічаюць у спецаперацыі”. Адзначалася, што сабраныя сродкі пойдуць на “закупку медабсталявання і лекавых сродкаў для шпіталяў Данбаса”. Анонс канцэрта быў адзначаны хэштэгам “Сваіх не кідаем”, папулярным у расійскай прапаганды. На афішы мерапрыемства намалявалі лацінскую літару Z — сімвал уварвання РФ ва Украіну.

Наведваючы манастыр на Раство Хрыстова, 7 студзеня 2023 года, Лукашэнка падтрымаў збор дапамогі для расійскіх вайскоўцаў на фронце. “Вы робіце слушна. Не зважайце на дзясятак-другі праплачаных людзей. <…> Мы дапамагаем нашым рускім братам”, — заявіў ён.

Адначасова манастыр, які шырока вырабляе харчовую і рамесную прадукцыю на сваім падворку і афіляванай фермерскай гаспадарцы, актыўна ўдзельнічае ў хрысціянскіх выставах у Еўропе, у апошнія гады ўсё часцей сутыкаючыся з адменамі паездак з боку арганізатараў.

Прадстаўнікам мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра забаранілі гандляваць каля царквы ў Рыме

18 траўня, Позірк. Прадстаўнікоў мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра, які падтрымлівае вайну супраць Украіны, 17 траўня "прагналі ад царквы ў Рыме", паведамляе тэлеграм-канал "Хрысціянская візія". "Сясцёр Свята-Елісавецінскага манастыра заўважылі гандлюючымі лацінскімі царкоўнымі ўборамі каля царквы Мадонна Перпетуа Сакорса, якая знаходзіцца ў цэнтры …
Падзяліцца: