be
Arrow
Мінск 17:50

Латушка публічна палемізаваў з Пазьняком аб санкцыях

Фатаграфіі беларускіх палітзняволеных в цэнтры Варшавы (18 траўня)
Фоіа: "Позірк"

19 траўня, ПозіркКіроўны рэжым у Беларусі гатовы ісці на перамовы з Захадам, а Еўрасаюз з Мінскам — не, заявіў кіраўнік руху “Вольная Беларусь” Зянон Пазьняк на мітынгу ў Варшаве 18 траўня з нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з беларускімі палітвязнямі (21 траўня).

Паволе палітыка, вядомага сваёй антысанкцыйнай пазіцыяй, дзеянні ЕС накіраваны на ізаляцыю краіны: “Беларусь гэтымі санкцыямі ўштурхнута ў Расею. Вы не знішчыце рэжым санкцыямі — ніколі ў гісторыі такога не было. Тым больш калі адкрыта расейская мяжа. Эканоміка пайшла туды, гандаль пайшоў туды, людзі пайшлі туды — і расейцы прыйшлі сюды. Вось вынік — гэта выгадна толькі Пуціну”.

Пазьняк сцвярджае, што ён “часта звяртаецца ў Еўразвяз”: “Пісалі лісты [старшыні Еўракамісіі Урсуле] Фон дэр Ляен — усё пайшло туды, усё яны ведаюць. Ніякага адказу. Адпіскі. Таму што палітыка, якую ўзначальваюць немцы, ідзе на тое, каб ізаляваць Беларусь. Нас ужо выштурхнулі <…> — робяць “жалезную заслону”.

“Выпусцілі больш за 200 вязняў. Паказваюць знакам Еўропе: “Давайце весці дыялог”. Іначай не можна вызваліць закладнікаў. З тэрарыстамі трэба ўступаць у перамовы, у гандаль, каб вызваліць людзей ад смерці. Гэта элементарныя рэчы”, — лічыць Пазьняк.

З прыходам да ўлады у ЗША Дональда Трампа “свет мяняецца”, сказаў ён, дадаўшы, што беларусам трэба “толькі да амерыканскай дэмакратыі зараз звяртацца”, спадзяючыся на дапамогу.

“Ёсць магчымасць выменяць усіх палітвязняў на зняццё санкцый. Яны не патрэбны беларускаму народу”, — заявіў кіраўнік “Вольнай Беларусі”.

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заявіў аб згодзе “з Зянонам Станіслававічам [Пазьняком] ў тым, што зараз стаіць выклік <…> для нашай нацыі”, і ў тым, што трэба “ціснуць больш на партнёраў, бо яны забыліся пра Беларусь”.

Адначасова ён заявіў: “Трэба ціснуць і ставіць ультыматум Лукашэнку. Тут павінна быць логіка, паслядоўнасць і моц. Я не разумею тых палітыкаў, якія кажуць, што санкцыі трэба знесці, але адначасова кажуць, што Ўкраіна павінна перамагчы. Прабачце, як пераможа Ўкраіна, калі праз Беларусь будзе велічэзная дзірка па пастаўцы тэхналогій — усяго таго, што патрэбна, каб рабіць зброю, каб забіваць нашых братоў і сясцёр?”

Паводле прызнання кіраўніка НАУ, ён таксама не разумее “логікі, калі хтосьці кажа, што санкцыі — гэта дрэнна”, але калі пры гэтым у пытанні вызвалення палітвязняў “ёсць толькі адзін аргумент, якім трэба скарыстацца — гэта санкцыі”.

“Так вось менавіта дзеля гэтага мы і працавалі на санкцыі, шаноўныя, каб сёння сказаць, што вось ёсць моцныя санкцыі, не хапае — давайце дадамо. І вызваляй не 42 асобы, як мінулы раз, а вызваляй тысячу, вызваляй усіх палітзняволеных. Бо [Лукашэнка] вызваляе [палітвязняў] толькі таму, што хоча знесці санкцыі. І менавіта гэта ён прапанаваў амерыканцам”, — дадаў Латушка.

Латушка таксама выказаўся за ўвядзенне ЕС гандлёвага эмбарга з Мінскам.

На акцыі ў цэнтры польскай сталіцы, якая сабрала каля 60 чалавек, таксама выступілі кіраўнік руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык, ксёндз Вячаслаў Барок, кіраўнік  Беларускай асацыяцыі палітвязняў “Да Волі” Алег Кулеша, экс-палітзняволеныя Ірына Шчасная і Антаніна Канавалава і інш.

Паволе даных праваабарончага цэнтра “Вясна”, на вечар 18 траўня ў Беларусі палітычнымі зняволенымі прызнаны 1.173 чалавекі.

Падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: