Мінск 00:50

Ціханоўская — пра смерць палітвязня Штэрмера: Колькі яшчэ людзей павінна памерці, каб свет зразумеў маштаб трагедыі ў Беларусі?

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

20 траўня, Позірк. Дэмакратычныя сілы “павінны працягваць змагацца дзеля ўсіх, хто аддаў сваё жыццё за вольную Беларусь”, заявіла Святлана Ціханоўская, каментуючы інфармацыю пра смерць палітвязня Валянціна Штэрмера.

“Я не ведаю, як словамі выказаць тое, што адчуваю ўнутры, бо ўсё падаецца недарэчным, — цытуе словы палітыка яе прэс-служба. — Колькі яшчэ смерцяў павінна адбыцца, каб свет нарэшце зразумеў маштаб трагедыі, якая працягваецца ў Беларусі?”

Паводле пераканання Ціханоўскай, Штэрмер — адзін з тых, хто “ніколі не павінен быў трапіць за краты”. “Яго пасадзілі не за злачынства, а за сумленне, за праўду, за годнасць. Я не была асабіста знаёмая з Валянцінам. Але я разумею, што ён быў чалавекам з прынцыпамі. Не сумняюся, што яго любілі і чакалі дома”, — падкрэсліла дэмлідар.

Паводле яе слоў, нельга “прызвычайвацца да смерцяў” і “ўспрымаць гэта як нешта звыклае”.

“Кожная страта — гэта боль, гэта напамін пра адказнасць, якую мы ўсе нясем перад тымі, хто сёння ў турмах, хто не дажыў да свабоды, хто ўсё яшчэ працягвае змаганне”, — адзначыла Ціханоўская, выказаўшы спачуванні родным і блізкім памерлага.

Пра смерць напачатку 2025 года палітвязня Штэрмера 20 траўня паведаміла выданне “Наша Ніва” са спасылкай на “надзейныя крыніцы”. Ён быў асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі па палітычна матываванай крымінальнай справе.

Пакаранне адбываў у калоніі №17 у Шклове (Магілёўская вобласць). У няволі перанёс інсульт.

Гэта не першая смерць палітвязняў пасля падзей 2020 года.

14 траўня стала вядома пра смерць былой палітзняволенай Тамары Каравай (дата невядомая, прычына — “не вытрымала сэрца”), 12 траўня паведамлялася пра смерць 5 лютага экс-палітзняволенай Ганны Кандраценка ў выніку анкалагічнага захворвання.

22-гадовы палітвязень, грамадзянін Расіі Дзмітрый Шлетгаўэр памёр у магілёўскай калоніі 11 кастрычніка 2024 года, вядома пра гэта стала 1 лістапада. Акрамя Шлетгаўэра ў 2022–2024 гадах у беларускіх месцах несвабоды памерла яшчэ як мінімум шэсць чалавек, якіх беларускія праваабарончыя арганізацыі прызнавалі палітычнымі зняволенымі. Гэта Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік і Аляксандр Кулініч.

Смерці ў калоніях і пасля вызвалення сведчаць пра сістэмныя праблемы ў забеспячэнні медыцынскай дапамогай у месцах несвабоды, заявіў юрыст праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка.

“Улады абавязаны забяспечыць своечасовую дыягностыку і лячэнне ўсіх зняволеных, — заявіў ён. — У выпадку выяўлення сур’ёзнага захворвання — такога, як рак, — павінна быць аказаная неабходная медыцынская дапамога, уключаючы магчымасць стацыянарнага лячэння ў спецыялізаваных установах. Згодна з міжнароднымі стандартамі, адсутнасць належнай медыцынскай дапамогі можа разглядацца як катаванне або жорсткае абыходжанне”.

Паводле даных “Вясны”, на 12 сакавіка 2025 года за кратамі ў сітуацыі асаблівай рызыкі знаходзілася не менш за 219 палітзняволеных. Умовы ўтрымання, недастатковая медыцынская дапамога і псіхалагічны ціск негатыўна ўплываюць на фізічны і псіхічны стан зняволеных, адзначыў Сапелка.

“Улады абавязаны забяспечыць гуманнае абыходжанне з усімі зняволенымі, уключаючы тых, хто хварэе. Гэта ўключае своечасовую медыцынскую дапамогу, належныя ўмовы ўтрымання і павагу да чалавечай годнасці. Міжнародныя стандарты патрабуюць, каб зняволеныя мелі доступ да такой жа медыцынскай дапамогі, як і на волі. Галоўнае патрабаванне адносна такіх зняволеных — гэта іх першачарговае вызваленне”, — падкрэсліў праваабаронца.

Падзяліцца: