Мінск 14:28

Сем банкаў абвясцілі пра новаўвядзенні ў працы з кліентамі

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

26 траўня, Позірк. Сем банкаў, што працуюць у Беларусі, паведамілі пра змяненне асобных правілаў абслугоўвання і прадставілі новыя магчымасці для кліентаў, сведчыць праведзены 

Позіркам маніторынг іх актуальных прэс-рэлізаў.

“Альфа Банк у Беларусі” павялічыў з 1% да 3% стаўку па бягучым рахунку, адкрытаму ў рамках банкаўскага прадукту “Карта “100 дзён”.

“Беларусбанк” з 2 чэрвеня будзе спаганяць плату за адкрыццё бягучага (разліковага) рахунку ў замежнай валюце (у доларах і еўра): з рэзідэнтаў — 100 рублёў (для асобных катэгорый грамадзян — 20); нерэзідэнтаў — 200. Плату не будуць спаганяць, калі доступ да рахунку забяспечваецца праз дэбетавую карту; рахунак адкрыты праз інтэрнэт-банкінг або М-банкінг.

“БНБ-Банк” знізіў на 1 працэнтны пункт камісію за замену пашкоджаных банкнот у доларах, еўра і расійскіх рублях. Цяпер яна складае 8% сумы паводле курсу Нацыянальнага банка на момант здзяйснення аперацыі (мінімум 5 рублёў).

“БСБ Банк” 1 чэрвеня мяняе напаўненне і ўмовы шэрагу тарыфных пакетаў. Пакет “БСБ Бізнес” пасля змяненняў будзе ўключаць да трох карпаратыўных карт (тут і далей Visa Business, Mastercard Business — у рублях, доларах і еўра; “Белкарт Карпаратыўная” — у рублях; на выбар кліента). Кошт рублёвых плацяжоў звыш уключаных у пакет павялічваецца да 1,2 рубля. Абаненцкая плата застаецца без змяненняў. Пакет “БСБ Бізнес Развіццё” — тры карпаратыўныя карты на выбар. Кошт абаненцкай платы падвышаецца да 5,5 рубля. Для пакета “БСБ Бізнес Про” — тры карпаратыўныя карты. Абаненцкая плата — 28 рублёў.

“Парытэтбанк” знізіў да 3 гадоў тэрмін дзеяння карт па банкаўскіх прадуктах “Дэбетавая карта з money-back”, “Сямейнае кола”, “Прэміяльныя дэбетавыя карткі”, “Дэбетавыя карткі”, “Заробкавы праект 2.0”, “Дэбетавыя карты для нерэзідэнтаў”, “Парытэтброкер”, Aigenis.

“Сбер Банк” (у Беларусі) адкрывае адмысловую праграму крэдытавання без залогу і паручальніцтва на аўтамабілі “БелДжы”. Прапанова тычыцца трох мадэляў — S50, X50 і X70.

“Тэхнабанк” увёў камісію за выдачу грошай пры іх безнаяўным залічэнні фізічнай асобе — рэзідэнту. У рублях — 0,95% сумы (максімум 50 рублёў); тарыф не спаганяецца, калі грошы залічваюцца ў рамках крэдытнага прадукта “Мілы дом”, пры пераводах у рамках адной фізічнай асобы праз СДБА або пры папаўненні рахунку праз АРІП. У замежнай валюце (акрамя кітайскіх юаняў) — 0,4% сумы (мінімум 1 адзінка валюты); тарыф не спаганяецца пры пераводах у рамках адной фізічнай асобы праз СДБА, пры пераводзе з бягучага рахунку з выкарыстаннем банкаўскай карты на бягучы рахунак або пры папаўненні рахунку праз АРІП.

На 1 красавіка 2025 года ў Беларусі быў зарэгістраваны 21 банк (тры з іх — са 100-працэнтным замежным удзелам). Іх статутны капітал — 10 млрд 19 млн рублёў (за год стаў больш на 9,3%), прыбытак — 859,5 млн рублёў (-1,8%).

Падзяліцца: