Мінск 05:10

Прэм’ер Турчын прыбыў у Татарстан — на месяц пазней запланаванага візіту

Відэа: прэс-служба Саўміна / стоп-кадр: "Позірк"

26 траўня, Позірк. Дэлегацыя ўрада Беларусі на чале з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным 26 траўня прыбыла ў Татарстан (суб’ект РФ), паведамляе прэс-служба Савета міністраў.

На першы дзень візіту запланаваныя перагаворы з кіраўніком (раісам) Татарстана Рустамам Мініханавым. Дэлегацыя таксама наведае “ключавыя прамысловыя прадпрыемствы” рэгіёну. За адзін дзень плануецца пабываць у трох гарадах — Набярэжных Чаўнах, Ніжнякамску і Елабузе.

Беларуская дэлегацыя на чале з Турчыным мусіла накіравацца ў Татарстан яшчэ 23 красавіка, аднак у яе гэта не атрымалася, бо мясцовыя аэрапорты закрылі праз напад дронаў.

Адметна, што ў ноч на 26 траўня ў Татарстане таксама была зафіксаваная атака дронаў. Цэллю было прадпрыемства ў Елабузе, дзе вырабляюцца беспілотнікі, якія РФ выкарыстоўвае для нападу на Украіну.

На нарадзе Савета міністраў 22 красавіка адзначалася, што Татарстан — адзін з важных эканамічных партнёраў Беларусі сярод расійскіх рэгіёнаў. Паводле інфармацыі ўрада, ён займае 9-е месца паводле тавараабароту і 8-е месца паводле аб’ёмаў экспарту.

Падзяліцца: