Мінск 17:28

Мытня Літвы анансавала другі за 4 дні перапынак у працы ведамасных сістэм

Ілюстрацыйнае фота: Мытня Літвы

26 траўня, Позірк. У сувязі з “правядзеннем планавых работ па тэхнічным абслугоўванні інфраструктуры” ў Літве 28 траўня з 7:00 да 11:00 зноў не будзе працаваць шэраг мытных сістэм, вынікае з паведамлення Мытнай службы пры Міністэрстве фінансаў гэтай балтыйскай дзяржавы.

Адзначаецца, што не будуць працаваць сістэма апрацоўкі мытных дэкларацый (MDAS), інтэлектуальная сістэма апрацоўкі мытных дэкларацый (iMDAS), нацыянальная сістэма транзітнага кантролю (NTKS), сістэма збору і апрацоўкі даных пра тавараабарот Літвы з дзяржавамі Еўрасаюза (IDAIS), сістэма прадстаўлення тавараў мытнаму кантролю (PPMKS), а таксама нацыянальныя кампаненты сістэмы імпарту і кантролю (ICS2).

“У названы перыяд, на жаданне дэкларантаў, для падачы і афармлення мытных дэкларацый будзе прымяняцца працэдура забеспячэння бесперапыннасці дзейнасці і звязаныя з ёй дзеянні, — гаворыцца ў паведамленні. — Звяртаем увагу, што падчас недаступнасці iMDAS, MDAS, NTKS пры падачы мытных дэкларацый няма неабходнасці накіроўваць у IT-цэнтр Інфармацыйных сістэм мытні запыты на дазвол выкарыстоўваць працэдуру забеспячэння бесперапыннасці (так званую “папяровую працэдуру”)”.

“У гэты перыяд не будзе магчымасці падаваць мытныя дэкларацыі на выпуск у свабоднае абарачэнне для адпраўленняў нізкага кошту і дробных тавараў, а агульныя ўваходныя дэкларацыі (ENS), пададзеныя праз ICS2, не будуць карэктна апрацоўвацца”, — адзначыла Мытная служба Літвы.

Аналагічны перапынак у працы названых службаў назіраўся 24 траўня. Тады яго прычынай было названае “планавае абслугоўванне праграмнага забеспячэння мытных сістэм”.

8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (з беларускага боку — Лоша) і Цвярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

Падзяліцца: