Мінск 05:25

У першым квартале Беларусь набыла тавараў і паслуг на 625 млн долараў больш, чым прадала

Крыніца: AbsolutVision / pixabay.com

27 траўня, Позірк. Знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг Беларусі ў студзені — сакавіку 2025 года склаў 23 млрд 470,5 млн долараў — на 1,8% больш, чым за першы квартал 2024-га (23 млрд 63,8 млн), сведчаць папярэднія даныя Нацыянальнага банка.

Экспарт склаўся на ўзроўні 11 млрд 422,7 млн долараў (11 млрд 546,3 млн; -1,1%), імпарт — 12 млрд 47,8 млн (11 млрд 517,5 млн; +4,6%). Адмоўнае сальда — 625 млн долараў (годам раней было дадатным — 28,9 млн).

Знешнегандлёвы абарот тавараў склаў 19 млрд 455,3 млн долараў (19 млрд 582,3 млн; -0,6%): экспарт — 9 млрд 7,9 млн (9 млрд 443,4 млн; -4,6%); імпарт — 10 млрд 447,4 млн (10 млрд 138,9 млн; +3%); адмоўнае сальда — 1 млрд 439,5 млн (-695,5 млн; рост у 2,1 раза).

Знешнегандлёвы абарот паслуг склаўся на ўзроўні 4 млрд 15,2 млн долараў (3 млрд 481,5 млн; +15,3%): экспарт — 2 млрд 414,8 млн (2 млрд 102,9 млн; +14,8%); імпарт — 1 млрд 600,4 млн (1 млрд 378,6 млн; +16,1%); дадатнае сальда — 814,5 млн (724,4 млн; +12,4%).

У 2024 годзе знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг склаў 100 млрд 79,3 млн долараў — на 5,1% больш, чым за 2023-ы (95 млрд 180,8 млн). Экспарт склаўся на ўзроўні 49 млрд 385,3 млн долараў (47 млрд 713,6 млн; +3,5%), імпарт — 50 млрд 694 млн (47 млрд 467,2 млн; +6,8%). Адмоўнае сальда — 1 млрд 308,7 млн ​​долараў (годам раней было дадатным — 246,4 млн).

Згодна з важнейшымі прагнознымі (дэ-факта планавымі) параметрамі развіцця краіны на 2024 год, прырост экспарту тавараў і паслуг павінен быў скласці 7,6% (выкананы на 46,1%).

Лічба адмоўнага сальда ў знешнім гандлі “не выклікае некага непакою”, яна “будзе перакрытая ўжо па выніках трох кварталаў”, заявіў летась 17 чэрвеня Раман Галоўчанка, які на той момант займаў пасаду прэм’ер-міністра. 10 сакавіка 2025 года ён быў прызначаны на пасаду кіраўніка Нацыянальнага банка.

Кіраваць урадам пастаўлены ўжо былы кіраўнік Мінскай вобласці Аляксандр Турчын. 18 сакавіка ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” ён заявіў, што перад урадам у бліжэйшы час стаяць задачы, звязаныя з экспартам, асабліва з дыверсіфікацыяй паставак.

“Нам неабходна прысутнічаць на многіх рынках і старацца прасоўваць сваю прадукцыю”, – падкрэсліў чыноўнік.

Падзяліцца: