Мінск 10:49

Лукашэнка прапануе забараніць банкам пераводзіць за мяжу выйгрышы ў ігральных установах

Фота: openbusiness.ru

29 траўня, Позірк. Забараніць банкам пераводзіць за межы Беларусі грошы, атрыманыя ў сферы ігральнага бізнесу, прапанаваў 29 траўня Аляксандр Лукашэнка.

З такой заявай ён выступіў на першым пасяджэнні ўрада новага складу, адпаведныя кадры паказаў сайт videobel.by.

“Грошы ад прайграных кватэр і машын сыходзяць замежным арганізатарам азартных гульняў, і гэта ўжо прынцыповае пытанне, — сказаў Лукашэнка. — Хацелася б ведаць, як прапануецца вырашыць гэтае пытанне. Грошы, заробленыя тут, павінны інвеставацца ў краіну”.

Адзначыўшы, што тэма ігральнага бізнесу “далікатная”, тычыцца “этычнасці і бяспекі”, ён заявіў аб недапушчальнасці ўдзелу ў такіх гульнях дзяцей і “недзеяздольных грамадзян”, у тым ліку ў анлайн-фармаце.

Лукашэнка таксама прапанаваў у ігральных установах увесці мараторый на “гульню ў доўг” і “даць права членам сям’і ўводзіць забарону на гульню чалавеку залежнаму”.

Паводле яго слоў, такія забавы павінны быць даступныя толькі плацежаздольным людзям: “Колькі мы ведаем прыкладаў, дапусцім, калі іграман не можа спыніцца і бар’ераў для яго няма. Набірае даўгі, крэдыты, прадае маёмасць, пакутуе сам, сям’я і грамадства”.

Мяркуючы з выступу Лукашэнкі, урад распрацоўвае ўказ, які тычыцца працы ігральнага бізнесу.

З 1 студзеня 2025 года ў Падатковы кодэкс унесеныя дапаўненні, якія закранаюць дзейнасць букмекерскіх кантор (БК) і казіно. Асноўныя новаўвядзенні тычыліся ставак падатку на ігральны бізнес, якія павялічаны ў сярэднім на 5,4%.

У Беларусі ігральны бізнес рэгулюецца дзяржавай і патрабуе атрымання ліцэнзіі для легальнай дзейнасці. Анлайн-казіно, букмекерскія канторы і іншыя ігральныя ўстановы павінны выконваць заканадаўства, уключаючы выплату падаткаў.

Беларускія ігральныя ўстановы папулярныя ў грамадзян Расіі. Многія спецыяльна наведваюць Беларусь з гэтай мэтай, бо ў РФ дзейнасць казіно абмежаваная на заканадаўчым узроўні.

Падзяліцца: