Мінск 10:40

Затрыманне Ціханоўскага “стала пачаткам балючага разлому” ў Беларусі — Зазулінская

29 траўня, Позірк. Затрыманне ў 2020 годзе блогера Сяргея Ціханоўскага “стала пачаткам балючага разлому” ў Беларусі, заявіла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Вольга Зазулінская.

Яе заяву, прымеркаваную да пятай гадавіны затрымання Ціханоўскага, апублікавала прэс-служба АПК.

“Сяргей атрымаў вар’яцкі тэрмін — больш за 18 гадоў, — сказала Зазулінская. — Больш за два гады ён правёў у поўнай ізаляцыі: без сувязі з сям’ёй, без навін, без магчымасці проста пагаварыць з блізкімі. Гэта катаванне”.

“Пяць гадоў — за тое, што хацеў жыць у свабоднай і справядлівай Беларусі. Пяць гадоў — і рэжым да гэтага часу не можа перавярнуць старонку. Ён набірае новых закладнікаў і помсціць тым, хто не зламаўся”, — падкрэсліла прадстаўніца АПК.

У 2019 годзе Ціханоўскі стварыў ютуб-канал “Краіна для жыцця”, які хутка стаў папулярным сярод беларусаў. Блогер наведваў рэгіёны Беларусі, сустракаўся з падпісантамі, браў у іх інтэрв’ю, падчас якіх мясцовыя жыхары распавядалі пра свае праблемы, крытыкавалі ўлады.

Ціханоўскі выказаў жаданне балатавацца на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе, аднак перад пачаткам выбарчай кампаніі быў арыштаваны паводле адміністрацыйнага абвінавачвання за “арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства” і не змог асабіста падаць дакументы ў Цэнтрвыбаркам. Па даверанасці гэта зрабіла яго жонка Святлана Ціханоўская, але ЦВК не зарэгістраваў блогера ў якасці прэтэндэнта ў кандыдаты, паколькі даверанасць, як сцвярджалася, не была ім падпісаная.

Пасля гэтага дакументы падала Ціханоўская, і Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў яе ў якасці прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду.

Пасля заканчэння адміністрацыйнага арышту Ціханоўскі стаў даверанай асобай жонкі і далучыўся да кампаніі па зборы подпісаў за яе вылучэнне. 29 траўня 2020 года ён быў затрыманы ў Гродне пасля правакацыі падчас чарговага пікету па зборы подпісаў.

У сакавіку 2021 года Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да Ціханоўскага. 14 снежня 2021-га ён быў прыгавораны да 18 гадоў пазбаўлення волі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

27 лютага 2023 года яму дадалі яшчэ 1,5 года зняволення за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”.

Падзяліцца: