Мінск 13:32

Афіцыйная дэлегацыя зборнай Украіны па дзюдо будзе байкатаваць чэмпіянат свету з-за ўдзелу ў ім Беларусі

29 траўня, Позірк. Аб няўдзеле афіцыйнай дэлегацыі зборнай краіны ў чэмпіянаце свету, які адбудзецца з 13 па 19 чэрвеня 2025 года ў Будапешце (Венгрыя) заявіла Федэрацыя дзюдо Украіны (ФДУ) 29 траўня.

Гэта зроблена ў сувязі з тым, што Міжнародная федэрацыя дзюдо (IJF) дапусціла да ўдзелу ў ім беларускіх спартсменаў, прычым з выкарыстаннем дзяржаўнай сімволікі.

У заяве гаворыцца, што “16 траўня 2025 года на афіцыйным сайце Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь была апублікаваная інфармацыя аб рашэнні выканаўчага камітэта IJF згодна з якім, пачынаючы з 1 чэрвеня 2025 года, беларускім спартсменам дазваляецца ўдзельнічаць ва ўсіх міжнародных спаборніцтвах”.

Адзначаецца, што ў адказ на гэта ФДУ “афіцыйна звярнулася ў IJF з просьбай пацвердзіць або зняпраўдзіць указаную інфармацыю, а таксама адзначыла важнасць выканання дзейных рэкамендацый Міжнароднага алімпійскага камітэта для ўдзелу спартоўцаў з краін-агрэсараў у міжнародных спаборніцтвах“.

Паведамляецца, што 23 траўня ФДУ “атрымала афіцыйны адказ ад IJF, у якім было пацверджана азначанае рашэнне Выканаўчага камітэта“: “У прыватнасці, было адзначана, што IJF імкнецца да таго, каб спорт служыў платформай для дыялогу, адзінства і разумення — будаўніцтва мастоў, а не сцен“.

У сувязі з гэтым, кіруючыся адпаведным загадам Міністэрства моладзі і спорту Украіны, прынятым у 2023 годзе, ФДУ “вымушана прыняць рашэнне аб няўдзеле афіцыйнай дэлегацыі зборнай каманды Украіны па дзюдо ў чэмпіянаце свету“.

Ці азначае такое рашэнне няўдзел у чэмпіянаце і спартсменаў з Украіны, у заяве не тлумачыцца.

ФДУ “рашуча асуджае рашэнне IJF і лічыць яго супярэчным базавым прынцыпам справядлівасці, адказнасці і салідарнасці ў сусветным спартыўным руху“.

“Мы перакананыя, што ўдзел спартоўцаў з краін-агрэсараў пад нацыянальнымі сімваламі — гэта не толькі палітычная слепата, але і грэбаванне ахвярамі вайны і міжнароднага права. ФДУ і далей будзе паслядоўна адстойваць пазіцыю, якая грунтуецца на маральных каштоўнасцях, свабодзе і годнасці ўкраінскага народа“, — гаворыцца ў заяве.

17 траўня ФДУ выказала “рашучы пратэст “у сувязі з рашэннем IJF дапусціць да спаборніцтваў беларускіх дзюдаістаў з дзяржаўнай сімволікай, назваўшы яго“грубым парушэннем рэкамендацый Міжнароднага алімпійскага камітэта і сур’ёзным ударам па прынцыпах справядлівасці ў спорце”. Аб гэтым рашэнні напярэдадні паведаміў Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі. Рашэнне пачне дзейнічаць 1 чэрвеня 2025 года.

28 лютага 2022 года, праз чатыры дні пасля поўнамаштабнага ўварвання расійскай арміі на тэрыторыю Украіны, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў міжнародныя спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з Расіі і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання.

У верасні таго ж года выканкам IJF адхіліў расейскіх і беларускіх спартоўцаў ад выступу на міжнародных спаборніцтвах, “улічваючы існую міжнародную абстаноўку“, да студзеня 2023-га.

28 сакавіка 2023 года па выніках пасяджэння выканкама ў Лазане (Швейцарыя) МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у нейтральным статусе.

Праз месяц, 28 красавіка, IJF дазволіла расійскім і беларускім дзюдаістам выступаць на чэмпіянаце свету ў Досе (Катар) 7–14 траўня — У нейтральным статусе. Гэта было зроблена, як адзначалася, каб “усе спартсмены, незалежна ад іх нацыянальнасці або паходжання, мелі магчымасць спаборнічаць на роўных умовах без дыскрымінацыі”.

IJF, заяўляючы аб допуску прадстаўнікоў Беларусі і РФ, падкрэсліла, што да спаборніцтваў дапушчаныя “спартоўцы, у дачыненні да якіх не было выяўлена інфармацыі, якая прадугледжвае падтрымку расейскага ўварвання ва Украіну“.

ФДУ ў адказ на гэтае рашэнне адклікала заяўку сваёй зборнай на ўдзел у чэмпіянаце свету.

Падзяліцца: