Мінск 03:17

Стан дзяцей, пацярпелых у смяротным ДТЗ у Воранаўскім раёне, крайне цяжкі і цяжкі

30 траўня, Позірк. Стан дзяцей, пацярпелых вечарам 29 траўня ў ДТЗ у Воранаўскім раёне (Гродзенская вобласць), ацэньваецца як крайне цяжкі і цяжкі, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Адзначаецца, што цяпер у Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы знаходзяцца двое дарослых і двое дзяцей, пацярпелых у аварыі. Ім правялі ўсе неабходныя дыягнастычныя і лячэбныя мерапрыемствы, уключаючы хірургічныя ўмяшанні.

Да гэтага на месцы медыцынскую дапамогу аказвалі лекары Лідскай ЦРБ, а таксама “неадкладна прыбыўшыя спецыялісты абласнога ўзроўню пры суправаджэнні з боку ДАІ”. Дадаткова былі выкліканыя спецыялісты рэспубліканскага ўзроўню, адзначае Мінздароўя.

У выніку лабавога сутыкнення на 58-ым кіламетры аўтадарогі Іўе — Тракелі — Радунь цягача Mercedes Benz з Audi пацярпелі 34-гадовы кіроўца легкавога аўтамабіля, яго 27-гадовая пасажырка і двое непаўналетніх дзяцей. Трэцяе дзіця — 2024 года нараджэння — загінула на месцы.

30 траўня стала вядома, што ў крыві ўдзельніка згаданай аварыі, кіроўцы цягача Mercedes Benz, было 1 праміле алкаголю. Гэта адпавядае сярэдняй ступені ап’янення.

Паводле папярэдняй інфармацыі СК, мужчына, знаходзячыся ў нецвярозым стане, “не справіўся з кіраваннем і здзейсніў лабавое сутыкненне з аўтамабілем Audi”. Кіроўца спрабаваў уцячы, але ў выніку быў затрыманы.

Па факце аварыі распачатая крымінальная справа паводле ч. 4 арт. 317 КК (парушэнне правіл дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, што па неасцярожнасці пацягнула смерць чалавека альбо прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання).

Падзяліцца: