Мінск 05:56

Колькасць спраў аб неплацежаздольнасці ў гандлі зменшылася за год на 50% — Мінэканомікі

30 траўня, Позірк. На 1 красавіка працэдуры неплацежаздольнасці і банкруцтва прымяняліся да 1.217 суб’ектаў гаспадарання, паведамляе прэс-служба Міністэрства эканомікі.

У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года доля суб’ектаў гаспадарання ў агульнай колькасці спраў аб банкруцтве знізілася ў чатырох рэгіёнах краіны: у Віцебскай вобласці — на 10,3%, Гомельскай — на 5,3%, Брэсцкай — на 3,7%, Гродзенскай — на 3,2%.

Колькасць спраў аб неплацежаздольнасці скарацілася ў Гомельскім рэгіёне на чатыры, у Мінску — на тры.

Скарацілася колькасць спраў паводле асноўных відаў эканамічнай дзейнасці: у гандлі — на 50%, будаўніцтве — на 33,3%, прамысловасці — на 8,7%.

Як паведамлялася, на 1 красавіка ў судах знаходзілася 314 спраў аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве), на 1 траўня — 276 спраў, вынікае з інфармацыі Вярхоўнага суда.

Для параўнання: на 1 сакавіка ў судах было 336 такіх спраў, 1 лютага — 381, 1 студзеня — 378, 1 снежня 2024 года — 363, 1 красавіка 2024-га — 243, 1 траўня 2024 — 262.

Такім чынам, за сакавік іх колькасць зменшылася на 6,55%, але ў гадавым вымярэнні павялічылася на 29,22%; за красавік зменшылася на 17,86%, але ў гадавым вымярэнні павялічылася на 5,34%.

Падзяліцца: