Мінск 20:55

З 1 чэрвеня пошліны на вываз шэрагу вуглевадародаў будуць нулявымі — упершыню за 9 месяцаў

Ілюстрацыйнае фота: "Віцебскаблгаз"

31 траўня, Позірк. Усе мытныя пошліны на вуглевадароды, якія вывозяцца з Беларусі за межы Еўразійскага эканамічнага саюза, з 1 чэрвеня 2025 года будуць роўныя нулю, вынікае з пастановы Савета міністраў № 299 ад 30 траўня.

Згодна з дакументам, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 31 траўня, экспартная пошліна на звадкаваныя вуглевадародныя газы абнуліцца з 0,9 доллара за тону (стаўка дзейнічала з 1 траўня 2025 года), на этан, бутан і ізабутан — з 0,8 долара.

На пачатку мінулага года стаўкі на вываз гэтых рэсурсаў складалі 1,6 і 1,4 долара адпаведна. З лютага 2024-га на працягу сямі месяцаў пошліны былі роўныя нулю. У верасні ўрад вярнуў стаўкі — 20,8 і 18,7 долара, у кастрычніку яны выраслі да 45,2 і 40,6, снежні — да 61,7 і 55,5; у студзені 2025 года — знізіліся да 18,5 і 16,6, лютым — да 7,5 і 6,7; сакавіку — выраслі да 8,3 і 7,4; красавіку — да 8,8 і 7,9.

Такім чынам, пошліны на гэтыя віды вуглевадародаў будуць абнуленыя ўпершыню за 9 месяцаў.

Ад пачатку 2024 года застаюцца нулявымі пошліны на вываз сырой нафты, мазуту, нафтавага бітуму, вазеліну і парафіна, адпрацаваных нафтапрадуктаў (на 1 снежня 2023 года — 24,7 долара за т), прамагоннага бензіну (13,5), таварных бензінаў, дызельнага паліва, лёгкіх, сярэдніх дыстылятаў, бензолу, талуолу, ксілолаў, змазачных аліваў (7,4).

Стаўкі разлічваюцца паводле пэўнай формулы і залежаць ад кошту сыравіны на сусветных рынках. Беларускія пошліны роўныя расійскім.

Падзяліцца: