Мінск 14:33

У дзяржкамісію па кантролі за правядзеннем уступнай кампаніі паступіла 52 звароты

1 чэрвеня, Позірк. У дзяржаўную камісію па кантролі за правядзеннем уступнай кампаніі ў ВНУ паступіла 52 звароты, заявіла ў інтэрв’ю дзяржтэлеканалу “Беларусь 1“ намеснік прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч, прызначаная раней Аляксандрам Лукашэнкам старшынёй камісіі.

Паводле слоў Пяткевіч, у межах дзяржкамісіі была створана 321 камісія па ўсёй краіне, “гэта значыць абсалютна кожнае месца правядзення цэнтралізаванага экзамену, цэнтралізаванага тэставання і кожная ўстанова адукацыі, дзе мае месца гэты ўступны працэс, ахопленыя кантролем з боку дзяржаўнай камісіі“.

Пяткевіч адзначыла, што са зваротаў, якія паступілі ў камісію, ужо разгледжана 47, “яны разглядаюцца проста маментальна“ і аб кожным парушэнні, паводле сцвярджэння Пяткевіч, яна даведаецца таксама маментальна.

“Я адразу атрымліваю паведамленне. Усё, што можна вырашыць маментальна, яно вырашаецца, выносіцца ў той жа дзень вечарам позна на пасяджэнне камісіі“, — паведаміла намеснік прэм’ер-міністра, дадаўшы, што на разгляд некаторых зваротаў патрэбны час, праз што пяць зваротаў у камісіі “яшчэ ў працы“. Пяткевіч таксама заявіла, што камісіяй у разглядзе звароту “адмоўлена толькі аднаразова“, падрабязнасцяў яна не прывяла.

Пяткевіч курыруе ва ўрадзе сацыяльную сферу, яна была прызначаная на пасаду 22 траўня.

Указ аб стварэнні дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступнай кампаніі ў 2025 годзе Лукашэнка падпісаў 14 красавіка. Сцвярджалася, што рэалізацыя ўказа “дазволіць забяспечыць абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян пры паступленні ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прымаць у выпадку неабходнасці аператыўныя меры рэагавання для выключэння парушэнняў заканадаўства“.

Цэнтралізаваны экзамен і цэнтралізаванае тэставанне ў гэтым годзе праходзяць з 26 траўня па 5 чэрвеня.

Падзяліцца: