Мінск 07:42

З 2020 года ліквідавана не менш за 1.936 НКА — Lawtrend

Крыніца: рэсурсы Lawtrend

2 чэрвеня, Позірк. За няпоўныя пяць гадоў — пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і па травень 2025-га — у Беларусі ліквідавана не менш за 1.936 НКА — аб’яднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў, асацыяцый, гаворыцца ў новым аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend.

На канец красавіка было ліквідавана не менш за 1.926 НКА, сакавіка — 1.917, лютага — 1.905, студзеня — 1.896, на канец 2024 года — 1.891, агулам за мінулы год — мінімум 382.

Даныя на канец лістапада не прадстаўленыя.

На канец кастрычніка было ліквідавана не менш як 1.838 НКА, верасня — 1.803, жніўня — 1.777, ліпеня — 1.742, чэрвеня — 1.696, траўня — 1.665, красавіка — 1.622, сакавіка — 1.601, лютага — 1.563, студзеня — 1.533. На канец снежня 2022 года налічвалася 1.173 закрытыя некамерцыйныя арганізацыі.

Паводле інфармацыі Lawtrend, на канец траўня 2025 года ў працэсе прымусовай ліквідацыі было не менш як 1.190 некамерцыйных арганізацый. На канец красавіка такіх было 1.189, сакавіка — 1.188, лютага — таксама 1.188, студзеня — не менш за 1.187, снежня 2024-га — 1.186, кастрычніка — 1.161 (1.137 — у канцы верасня, 1.116 — жніўня, 1.086 — ліпеня, 1.061 — чэрвеня, 1.033 — траўня, 1.003 — красавіка, 997 — сакавіка, 981 — лютага, 969 — студзеня, 960 — снежня 2023-га).

Рашэнне пра самастойную ліквідацыю прыняло сама меней 746 НКА (у траўні — 9). На канец красавіка такіх было 737, сакавіка — 729, лютага — 717, студзеня — 709, на канец 2024 года — 705, на канец кастрычніка — 677, верасня — 666, жніўня — 661, ліпеня — 656, чэрвеня — 635, траўня — 632, красавіка — 619, сакавіка — 604, лютага — 582, снежня 2023-га — 564, снежня 2022-га — 416.

Lawtrend адзначае, што цяпер ліквідацыя НКА стала насіць кропкавы характар. Гэта звязана ў першую з вялікай колькасцю ліквідаваных арганізацый. У траўні стала вядома пра прынятае рашэнне прымусова ліквідаваць адну некамерцыйную арганізацыю — Клубную асветніцкую ўстанову “КінаБункер”.

Праваабаронцы адзначаюць, што прыняцце рашэння пра самастойную ліквідацыю НКА ў Беларусі звязанае найперш з беспрэцэдэнтнымі рэпрэсіямі ў краіне, неспрыяльным прававым асяроддзем, ціскам на незалежны грамадзянскі сектар, а таксама на канкрэтныя арганізацыі і іх кіраўніцтва, членаў, супрацоўнікаў.

Адзначаецца, што ў краіне працягваецца перарэгістрацыя рэлігійных арганізацыяў. Тыя з іх, што не пройдуць перарэгістрацыю да 5 ліпеня 2025 года, падпадуць пад ліквідацыю праз суд, а іх дзейнасць будзе з’яўляцца незаконнай.

“Інфармацыя пра рэлігійныя арганізацыі, якія прайшлі перарэгістрацыю, роўна як пра рашэнні аб адмове ў перарэгістрацыі, практычна не публікуецца. У сувязі з непублічнасцю такой інфармацыі, закрыццём доступу да базы даных судовых рашэнняў са студзеня месяца гэтага года, а таксама адсутнасцю інфармацыі пра зарэгістраваныя рэлігійныя арганізацыі ў Адзіным дзяржаўным рэестры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (АДР) працэс перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый мае закрыты і абсалютна непразрысты характар”, — адзначаюць праваабаронцы.

Па выніках гэтай кампаніі, гаворыцца ў дакуменце, можна чакаць “істотнага зніжэння” колькасці зарэгістраваных рэлігійных арганізацый у Беларусі.

Рэгістрацыя новых некамерцыйных арганізацый унутры Беларусі ажыццяўляецца вельмі рэдка, падкрэсліваецца ў аглядзе.

За пяць месяцаў 2025 года было зарэгістравана два новыя мясцовыя грамадскія аб’яднанні, абодва ў траўні: Грамадскае феліналагічнае аб’яднанне “Клуб-МістэрКоТ” і Моладзевае грамадскае аб’яднанне “Спартыўны клуб “Рым”.

Падзяліцца: