Мінск 10:52

Латушка: Стратэгія санкцый не павінна мяняцца, пакуль Лукашэнка не адмовіцца ад рэпрэсій і ваеннай падтрымкі РФ

Фота: АПК

4 чэрвеня, Позірк. Стратэгія прымянення санкцый не павінна мяняцца да таго часу, пакуль рэжым Аляксандра Лукашэнкі не адмовіцца ад “сваёй рэпрэсіўнай і ваеннай палітыкі”, заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.

Як паведамляе прэс-служба АПК, 3 чэрвеня палітык узяў удзел у круглым стале “Баланс ціску і стымулаў: санкцыйная палітыка супраць рэжыму Лукашэнкі ў зменлівым геапалітычным кантэксце”, мерапрыемства арганізаванае нямецкім Фондам Конрада Адэнаўэра і Стакгольмскім цэнтрам усходнееўрапейскіх даследаванняў.

Паводле слоў Латушкі, санкцыі — “працяглы працэс”, але “маштабы злачынстваў, учыненых рэжымам Лукашэнкі, беспрэцэдэнтныя”.

Ён звярнуў увагу на важнасць увядзенне санкцый “своечасова, маштабна, сінхронна” ўсімі міжнароднымі партнёрамі, падкрэсліў неабходнасць “кантролю за іх рэалізацыяй”. Ключавое значэнне, на думку Латушкі, мае гарманізацыя абмежаванняў у дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі.

“Без гэтага санкцыйны механізм істотна губляе сваю дзеяздольнасць. Важна таксама размяжоўваць санкцыі і контрсанкцыі, якія ўводзяцца па ініцыятыве самога рэжыму і аказваюць найбольшы ўплыў на насельніцтва. Санкцыямі таксама не з’яўляюцца дзеянні, якія прымаюцца дэмакратычнымі краінамі для забеспячэння сваёй нацыянальнай бяспекі”, — адзначыў палітык.

“Толькі рэальныя і значныя крокі з боку рэжыму, а менавіта: спыненне рэпрэсій і вызваленне ўсіх палітвязняў, спыненне гібрыднай вайны супраць Еўрасаюзу, спыненне падтрымкі расійскай агрэсіі супраць Украіны, дэкрыміналізацыя грамадска-палітычнага жыцця ў Беларусі і ўключэнне дэмакратычных інстытутаў у нацыянальны дыялог, могуць стаць падставай для перагляду або прыпынення, але не скасавання ўведзеных санкцый”, — сказаў намеснік кіраўніка АПК.

Паводле яго сцвярджэння, “сёння, як ніколі”, важна,“па-першае, узмацніць уздзеянне на рэжым Лукашэнкі, а па-другое, паставіць яму канкрэтныя і жорсткія ўмовы, выкананне якіх можа стаць падставай для змякчэння санкцый”.

“Тыя, хто публічна крытыкуе санкцыі, часцяком вымушаныя адзначаць, што менавіта тая частка дэмакратычных сіл, якая настойвала на санкцыйным ціску і працавала над увядзеннем санкцый сумесна з міжнароднымі партнёрамі, стварыла перадумовы для абмену санкцый на вызваленне палітвязняў”, — падкрэсліў Латушка.

У дачыненні да рэжыму Лукашэнкі ўведзеныя санкцыі за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, прымусовую пасадку самалёта Ryanair і падтрымку ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Падзяліцца: