Мінск 17:59

Тры чалавекі загінула на пажарах за мінулыя суткі

5 чэрвеня, Позірк. Тры чалавекі загінула на пажарах за мінулыя дзяжурныя суткі (з 6 гадзін 4 чэрвеня да 6 гадзін 5 чэрвеня), вынікае з аператыўнай зводкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

У 16:13 4 чэрвеня паступіла паведамленне аб пажары ў жылым доме ў гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці, дзе выяўленыя загінулыя гаспадыня 1959 г.н. і яе сын 1981 г.н.

Увечары таго ж дня, у 20:04, пры пажары ў металічным вагончыку (2х3 м) на тэрыторыі прыватнага домаўладання ў вёсцы Сівіца Барысаўскага раёна Мінскай вобласці загінуў мужчына 1962 г.н.

У зводнай табліцы МНС паказана, што з пачатку года ў краіне здарылася 3.209 пажараў — на 26,5% больш, чым за аналагічны леташні перыяд (2.536). Загінула 308 чалавек (+19,4%; 258).

Як раней адзначаў “Позірк“, МНС маніпулюе заесткамі аб смяротнасці на пажарах. Напрыклад, пра 300 загінулых у пажарах ведамства паведаміла 1 чэрвеня. Разам з тым пра такую ж колькасць ахвяр інфармацыя з’явілася яшчэ 28 траўня. Пры тым што, паводле звестак ведамства, з 28 траўня па 1 чэрвеня на пажары загінуў адзін чалавек, агульная колькасць памерлых не змянілася. З 300 да 299 колькасць ахвяр была зменена на сайце МНС 31 траўня.

У траўні “Позірк” таксама звяртаў увагу на прыніжэнне статыстыкі смяротнасці на пажарах у зводках МНС. Папярэдні раз такое было два тыдні таму. У зводцы, апублікаванай 16 траўня, адзначалася, што з пачатку года на пажарах загінула 282 чалавекі. На наступны дзень Міністэрства адрапартавала аб адным загінуўшым за суткі, аднак у абагульненай табліцы значылася не 283 ахвяры, а 281.

Падзяліцца: