Мінск 07:16

Эксперты ААН заклікалі спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да беларускіх прафсаюзных актывістаў

Ілюстрацыйнае фота: Colin Lloyd / unsplash.com

5 чэрвеня, Позірк. Група незалежных экспертаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый выказала занепакоенасць працягам парушэнняў свабоды аб’яднанняў у працоўных стасунках у Беларусі, паведаміла 5 чэрвеня прэс-служба ўпраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ).

Эксперты заклікалі ўрад краіны “паўнавартасна супрацоўнічаць” з УВКПЧ, праваабарончымі механізмамі ААН, Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП) і яе нагляднымі органамі “для забеспячэння датрымання правоў чалавека [у дачыненні да] лідараў і членаў незалежных прафсаюзаў”.

“Беларусь павінна спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да членаў незалежных прафсаюзаў, якія таксама лічацца праваабаронцамі, — адзначылі яны. — Краіна павінна неадкладна вызваліць усіх лідараў і членаў прафсаюзаў, пазбаўленых волі за ажыццяўленне свайго права на свабоду слова, сходаў і аб’яднанняў, а таксама скасаваць заканадаўства ды іншыя меры, якія перашкаджаюць дзейнасці незалежных прафсаюзаў”.

Група экспертаў занепакоеная тым, што незалежныя прафсаюзы ліквідаваныя і прылічаныя да “экстрэмісцкіх арганізацый”. “Іх лідары і члены падпалі пад крымінальны пераслед паводле абвінавачанняў, звязаных з экстрэмізмам і пагрозай нацыянальнай бяспецы, пазбавіліся волі або былі вымушаныя пакінуць краіну. Іх маёмасць канфіскаваная, а тыя, хто знаходзіцца ў выгнанні, падпалі пад крымінальны пераслед завочна”, — канстатавана ў паведамленні.

Адзначаецца, што “парушэнні свабоды аб’яднання прафсаюзаў у Беларусі знаходзяцца пад пільнай увагай МАП з 2004 года”, калі “заснаваная Адміністрацыйнай радай МАП Камісія па расследаванні прадставіла высновы пра парушэнні Беларуссю Канвенцыі 1948 года аб свабодзе асацыяцыі і абароне права на арганізацыю (№ 87) і Канвенцыі 1949 года аб праве на арганізацыю і на вядзенне калектыўных перагавораў (№ 98)”.

Эксперты нагадалі, што “ў адказ на масавыя рэпрэсіі ў 2020 годзе супраць незалежных прафсаюзаў былі зробленыя дадатковыя захады, уключаючы стварэнне Міжнароднай канферэнцыяй працы нагляднага механізму ў адпаведнасці з артыкулам 33 Статута МАП (невыкананне рэкамендацый камісіі па расследаванні)”. “Гэта другі такі прэцэдэнт за больш як стогадовую гісторыю МАП”, — падкрэслілі яны.

Група заклікала Беларусь “узаемадзейнічаць з МАП для выканання рэкамендацый Камісіі па расследаванні і наглядных органаў МАП, у тым ліку тэрмінова прыняць міжнародную гуманітарную місію з незалежнымі ўрачамі, якая наведала б усіх зняволеных прафсаюзных актывістаў для ацэнкі стану іх здароўя і аказання медыцынскай дапамогі ў выпадку неабходнасці; прафсаюзных лідараў, актывістаў і праваабаронцаў, якія знаходзяцца ў турмах ці іншых месцах пазбаўлення волі”.

“Цяпер у Беларусі адсутнічае свабода асацыяцый у працоўных стасунках, — канстатавалі эксперты. — Работнікі не маюць права выбару, калі гаворка ідзе пра ўступленне ў прафсаюзы або іх стварэнне. Яны таксама не прадстаўленыя належным чынам у калектыўных дагаворах”.

У паведамленні адзначана, што ў дакладзе, прадстаўленым Савету па правах чалавека ў 2024 годзе, папярэдні спецдакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн паказвала на адсутнасць незалежнасці адзінай нацыянальнай прафсаюзнай арганізацыі, якая застаецца ў краіне, — Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ).

“Эксперты раней звязваліся з урадам наконт гэтага, каб выказаць занепакоенасць у сувязі з абмежаваннямі грамадзянскай прасторы і асноўных свабод, уключаючы пастаянную атмасферу страху і прыгнечанне іншадумства”, — гаворыцца ў паведамленні.

Заява распаўсюджаная ад імя пяці спецдакладчыкаў ААН — Джыны Рамэра (па пытанні аб праве на свабоду мірных сходаў і асацыяцый), Мэры Лорар (аб становішчы праваабаронцаў), Нілса Муйжніекса (аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі), Бэна Сола (аб абароне правоў чалавека ва ўмовах барацьбы з тэрарызмам) і Ірэн Хан (аб праве на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне).

Пасля падзей 2020 года беларускія ўлады зруйнавалі незалежны прафсаюзны рух. У красавіку 2022 года па краіне пракацілася хваля вобшукаў і затрыманняў актывістаў. Праваабаронцы прызналі прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, якія трапілі пад рэпрэсіі, палітвязнямі.

У ліпені 2022 года Вярхоўны суд ліквідаваў БКДП і чатыры яго членскія арганізацыі — Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), Беларускі незалежны прафсаюз (БНП), Свабодны прафсаюз металістаў (СПМ) і Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ). У краіне не засталося незалежных прафсаюзаў, існуе толькі праўладная — згаданая вышэй ФПБ.

Міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі асудзілі дзеянні беларускіх уладаў. Камітэт па выкананні норм Міжнароднай арганізацыі працы заклікаў неадкладна аднавіць права працоўных на свабоду асацыяцый. МАП пачаў працэдуру ўвядзення санкцый, якія былі прынятыя ў чэрвені 2023 года.

Падзяліцца: