Мінск 20:47

Літоўская армія: Магчымасці РФ атакаваць Літву падчас вучэнняў “Захад-2025” абмежаваныя праз вайну ва Украіне

Ілюстрацыйнае фота: D. Umbraso / Lrytas

5 чэрвеня, Позірк. Магчымасці Расіі атакаваць Літву падчас будучых вучэнняў “Захад-2025” абмежаваныя — праз вайну, якую РФ вядзе ва Украіне, гаворыцца ў заяве Літоўскай арміі.

Адзначаецца, што ў армію ўсё часцей паступаюць ад грамадскасці і СМІ “пытанні пра патэнцыйны напад Расіі”. Запланаваныя на пачатак восені вучэнні, падкрэслілі вайскоўцы, “актуальныя для Літвы”, бо пройдуць пераважна на тэрыторыі Беларусі, з якой літоўская дзяржава дзеліць мяжу.

“Згодна з агульнадаступнымі звесткамі, у вучэннях на тэрыторыі Беларусі сёлета возьмуць удзел 13.000 вайскоўцаў (пазней іх колькасць афіцыйна скарацілі да 7.000, што можа нешта значыць, а можа і не), актыўная фаза вучэнняў працягнецца каля тыдня ў сярэдзіне верасня, а перадыслакацыя сіл і іншыя спадарожныя дзеянні магчымыя ў жніўні — кастрычніку”, — гаворыцца ў заяве.

Літоўскае войска адзначыла, што мэтай беларуска-расійскіх вучэнняў, што праводзяцца раз на два гады, “звычайна дэкларуецца <…> праверка гатоўнасці сіл да гарантавання бяспекі Саюзнай дзяржавы”, але “на практыцы” гэта манеўры, “скіраваныя на дэманстрацыю сілы Захаду”.

Падкрэсліваецца, што кожны раз падчас вучэнняў “Захад” падвышаецца ўзровень боегатоўнасці вайсковых часцей Літвы, адначасова праводзіцца шэраг уласных манеўраў, у якіх удзельнічаюць і іншыя краіны НАТО.

Верагоднасць “разнастайных перашкод GPS, выведніцкіх палётаў ды іншых правакацый падчас такіх вучэнняў, як звычайна, узрастае”, канстатавалі вайскоўцы. “Нягледзячы на ​​тое, што матэматыка і ваенная логіка кажуць пра адваротнае, ніхто не можа адгадаць, якія дзеянні можа распачаць варожая дзяржава, паколькі мы не ведаем, якой логікай кіруецца іншы бок і ці кіруецца ён логікай наогул”, — гаворыцца ў заяве.

24 лютага 2022 года Расія развязала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль. Нягледзячы на ​​тое, што беларуская тэрыторыя і інфраструктура выкарыстоўваліся для нападу, некалькі раундаў перагавораў паміж Масквой і Кіевам на пачатку вайны прайшлі менавіта ў Беларусі.

12 красавіка 2024 года Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі няма і не будзе неабходнасці ўступаць у вайну супраць Украіны. “Я неяк сказаў напярэдадні, што Расіі цяпер патрэбна такая Беларусь — мірная, ціхая, спакойная, якая робіць сваю справу. Я ж не адмаўляюся, што мы суагрэсары. Кожны робіць сваю справу”, — сказаў ён.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі неаднаразова заяўляў пра планаванае нарошчванне расійскай вайсковай моцы і магчымасці ўзброенага ўварвання арміі РФ з Беларусі ў Польшчу, Літву і Латвію па аналогіі з падзеямі 24 лютага 2022 года. Тады расійскае ваеннае ўварванне ва Украіну часткова ажыццяўлялася з беларускай тэрыторыі пасля заканчэння сумесных вайсковых вучэнняў.

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін на пасяджэнні Савета міністраў абароны краін АДКБ сёлета 28 траўня заявіў пра “зніжэнне параметраў” гэтых вучэнняў і перанос манеўраў ад межаў углыб Беларусі.

На думку аналітыкаў амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW), гэта было зроблена для таго, каб стварыць “бачнасць супрацы” і адцягнуць увагу ад абмежаванага вайсковага патэнцыялу РФ па-за межамі ўкраінскага тэатра ваенных дзеянняў.

3 чэрвеня падчас выступу ў парламенце літоўскі прэм’ер-міністр Гінтаўтас Палуцкас заявіў, што вучэнні “Захад-2025” не прадстаўляюць “дадатковай пагрозы” для Літвы. “Інфармацыю пра вучэнні “Захад” збірае не толькі наша выведка, але і выведвальныя службы НАТО. Усе яны прыйшлі да адзінай высновы: цяперашнія вучэнні паводле свайго маштабу ды іншых параметраў не ствараюць пагроз ці падстаў для непакою”, — сказаў ён.

З аналагічнай заявай выступіў у той жа дзень старшыня Камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Сейма Літвы Гедрымас Еглінскас. Паводле яго слоў, выведка Літвы ды іншых краін Паўночнаатлантычнага альянса “выдатна бачаць”, што адбываецца ў Беларусі, “і на гэты момант няма ніякіх прыкмет таго, што Расія ці, тым больш, Беларусь маглі б ажыццявіць канвенцыйную атаку на краіны НАТО”.

Падзяліцца: