Мінск 23:02

У выніку навальнічнага фронту зафіксавана 176 выпадкаў падзення дрэў — МНС

Фота: МНС

8 чэрвеня, Позірк. 176 выпадкаў падзення дрэў зафіксавана ў выніку праходжання па тэрыторыі Беларусі навальнічнага фронту ўвечары 7 чэрвеня і ў ноч на 8 чэрвеня, вынікае з паведамлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

У Магілёўскай вобласці “зафіксаваныя пашкоджанні інфраструктуры і прыватнай маёмасці”, парушалася электразабеспячэнне ў трох населеных пунктах і на 23 трансфарматарных падстанцыях.

“Падраздзяленні МНС здзейснілі тры выезды для ўборкі паваленых дрэў: два выпадкі — у Клічаўскім раёне, адзін выпадак — у Магілёўскім раёне. Пацярпелых у гэтых інцыдэнтах няма”, — адзначаецца ў паведамленні.

У Брэсцкай вобласці з-за непагадзі пацярпелі Брэсцкі, Маларыцкі, Пінскі і Ганцавіцкі раёны, пашкоджаны дах 21 дома. Таксама ў рэгіёне ўстаноўлена 27 фактаў падзення дрэў “на праезную частку, пешаходную зону, агароджы, жылы дом і легкавы аўтамабіль”, удакладняе ведамства.

142 выпадкі падзення дрэў зафіксавана ў Гомельскай вобласці: 134 — у Гомелі, шэсць — у Рэчыцкім раёне, па адным — у Ельскім і Лельчыцкім раёнах. Пашкоджана шэсць аўтамабіляў у абласным цэнтры.

“У населеных пунктах вобласці фіксаваліся кароткатэрміновыя адключэнні электраэнэргіі, якія аператыўна аднаўляліся работнікамі РУП “Гомельэнэрга”. Зафіксаваныя пашкоджанні 10 дахаў будынкаў: два-у Лельчыцкім раёне, па чатыры — у абласным цэнтры і Рэчыцкім раёне”, — гаворыцца ў рэлізе.

Заяўляецца аб ліквідацыі наступстваў непагадзі ў Мінску і Мінскай вобласці.

У Мінску “ўтварылася 20 асноўных участкаў падтапленняў праезных частак”, адзначае МНС.

“Для аказання тэхнічнай дапамогі насельніцтву і арганізацыям па ліквідацыі наступстваў праходжання навальнічнага фронту ў Мінску падраздзяленні МНС прыцягваліся ў 23 выпадках (пашкоджана шэсць легкавых аўтамабіляў, пацярпелых няма). Зафіксавана 19 выпадкаў спынення руху грамадскага транспарту (рух ажыццяўляўся па аб’язных маршрутах). У 20:30 [7 чэрвеня] рух грамадскага транспарту на ўсіх участках падтапленняў быў адноўлены. Максімальны час прыпынення склаў 2 гадзіны 34 хвіліны”, — гаворыцца ў паведамленні.

У Мінскай вобласці ўстаноўленыя чатыры факты падзення дрэў у Пухавіцкім (два), Дзяржынскім і Салігорскім раёнах. У Дзяржынскім раёне дрэва, якое ўпала, пашкодзіла легкавы аўтамабіль. “Папярэдне ніхто не пацярпеў”, — заяўляе МНС.

Раней Позірк паведаміў, што ў Мінску праз непагадзь быў парушаны рух дзевяці тралейбусных і аднаго аўтобуснага маршрутаў, у тым ліку на Партызанскім праспекце, вуліцах Гарадзецкай, Карастаянавай, бульвары Шаўчэнкі. Лівень пачаўся каля паўночы, калі грамадскі транспарт практычна ўжо не працуе.

5 чэрвеня непагадзь парушыла электразабеспячэнне 223 населеных пунктаў Мінскай вобласці, у сталіцы парушаўся рух грамадскага транспарту па 96 маршрутах.

На 8 чэрвеня штармавое папярэджанне Белгідрамет абвясціў для паўднёвага ўсходу краіны, дзе чакаюцца навальніцы, ліўні, град, узмацненне ветру да 20 м/с.

Падзяліцца: