Мінск 01:08

За выхадныя ў Беларусі патанулі тры чалавекі — ТРВОД

Ілюстрацыйнае фота: ТРВОД

9 чэрвеня, Позірк. Тры чалавекі патанулі і пяць выратаваныя 7–8 чэрвеня ў краіне, вынікае са зводкі Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах (ТРВОД).

Паведамляецца таксама пра пошукі ў Магілёўскай вобласці мужчыны, які 7 чэрвеня “ў рацэ Пціч у стане алкагольнага ап’янення хацеў абмыцца і зваліўся ў раку, праплыў і знік пад вадой”.

У Вілейскім раёне (Мінская вобласць) патануў рыбак. Падчас рыбнай лоўлі 7 чэрвеня на возеры Вішнеўскае ён загінуў у выніку перакульвання лодкі. Цела вынята з вады на наступны дзень.

У Лёзненскім раёне (Віцебская вобласць) патануў мужчына, які “адправіўся на рыбалку на вадаём-капань у стане моцнага алкагольнага ап’янення ўвечары 7 чэрвеня”. Цела было знойдзена пляменнікам загінулага раніцай 8 чэрвеня.

Аб трэцім загінулым на вадзе падрабязнасці не паведамляюцца.

За травень 2025 года ў Беларусі патанула 27 чалавек, вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу звестак ТРВОД. Разам з тым на сайце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях апублікаваныя звесткі аб 16 патанулых за апошні вясновы месяц.

Падзяліцца: